Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Хартыя 77 і Хартыя 97: беларусы , як і чэхі, дачакаюцца перамен


Радыё Свабода, Менск-Прага 30 гадоў таму, на пачатку студзеня 1977-га году ў заходнім друку быў абнародаваны тэкст Хартыі 77, маніфэсту чэхаславацкіх дысыдэнтаў. Паводле сёньняшняй ацэнкі Вацлава Гаўла, аднаго з ініцыятараў Хартыі, які пазьней з дысыдэнтаў прыйшоў у прэзыдэнты, Хартыя 77 стала мадэльлю як супрацьстаяць таталітарнаму рэжыму , які мае ў руках усе сілавыя мэханізмы. Вопыт Хартыі, акрамя Беларусі, перанялі таксама паўночнакарэйскія, кубінскія ці бірмскія дысыдэнты. Здаецца, хто Хартыя прынесла штосьці, што перажыло ўласна эпоху краху камунізму, – заключае Вацлаў Гавэл.

Прынцып Хартыі 77 быў закладзены на тым, каб дабівацца ад камуністычнага рэжыму усяго таго, што ён дэкляраваў на словах. Так, у першым дакумэнце яго аўтары патрабавалі, каб тагачасная ўлада выконвала Канстытуцыю ЧССР, паважала правы чалавека, як да таго абавязалася паводле падпісанага Хэльсынскага пакту. Хартыю 77 падпісалі такія асобы як драматургі Вацлаў Гавэл і Павел Кагоут, філёзаф Іржы Немец, пісьменьнікі Іван Кліма, Людвік Вацулік, актор Павел Ландоўскі, прафэсар Ян Паточка, журналіст Пётр Угл і іншыя – усяго каля дзьвюх з паловай сотняў чалавек. Рэжым адказаў цьвёрдымі контрмерамі, у тым ліку прымушаючы іншых вядомых творцаў падпісаць Антыхартыю. У тым жа студзені Вацлаў Гавэл быў зьняволены. Аднак прыпыніць працэс грамадзянскага абуджэньня да свабоды не ўдалося. Да перамогі аксамітнай рэвалюцыі ў краіне заставалася 12 гадоў.



На здымку : арыгінал тэксту Хартыі 77.

Калі Хартыя 77 узьнікла ў Чэхаславаччыне на хвалі ў абарону чэскіх рок-музыкаў, то ініцыятарамі грамадзянскай ініцыятывы Хартыя 97 у Беларусі выступілі журналісты. Нагадаем, 1997год вядомы арыштам журналістаў ОРТ, закрыцьцём газэты "Свабода", ціскам на незалежную прэсу. Згадвае каардынатар Хартыі 97 Зьміцер Бандарэнка.

Бандарэнка: “У Беларусі на момант абвяшчэньня Хартыі 97 былі ўжо дастаткова разгалінаваныя структуры розных палітычных партый, якія бралі ўдзел у выбарах, больш-менш вольнасьці. А ў Хартыі 77 гэтага тады не было. Але агульнае, што аб’ядноўвала — гэта змаганьне за свабоду, змаганьне за незалежнасьць сваіх краінаў. Падабенства ёсьць. Калі сустракаесься з вэтэранамі Хартыі 77, шмат агульнага, яны разумеюць нашу сытуацыю вельмі добра”.

Хартыю 97 спачатку падпісалі сто вядомых асобаў у Беларусі, а ўсяго пад ёй падпісалася больш за сто тысяч грамадзян. Інфармацыя пра стварэньне Хартыі 97 друкавалася ў беларускіх мэдыях. А ці ёсьць сэнс працягваць гэты збор подпісаў?

Бандарэнка: “Сёньня ён ня мае сэнсу. Адной з галоўных мэтаў тады было аб’яднаньне дэмакратычных сілаў. Было яшчэ такое жаданьне, каб новыя асобы зьявіліся. На першай прэсавай канфэрэнцыі, дзе было абвешчана пра ініцыятыву Хартыя 97 прысутнічалі Аляксандар Мілінкевіч, Віктар Карняенка, Аляксандар Дабравольскі, Людміла Гразнова, Андрэй Саньнікаў, Мікалай Халезін. У аргкамітэт Хартыі 97 у розныя часы ўваходзілі Віктар Івашкевіч, Вінцук Вячорка… Многа людзей было. Але калі была створана каардынацыйная рада дэмакратычных сіл у 1998 годзе мы ў значнай ступені лічылі, што мэта дасягнута, тады гэта аб’яднаньне адбылося. Гэта і было тое рэальнае пагадненьне ў тых умовах, у тыя часы”.

Хартыя 97, як і Хартыя 77, фактычна мела антыхартыю. Яе ініцыяваў тагачасны лідэр камуністаў Віктар Чыкін. Спадар Чыкін прапанаваў Хартыю 98. Паводле спадара Бандарэнкі, гэта быў прапагандысцкі крок і скончылася гэтая ініцыятыва вельмі хутка.

Бандарэнка: “І сёньня нават калі беларускія тэлеканалы паказваюць сайт Хартыі 97 , то пра Хартыю 98 як контрварыянт ніхто не ўзгадвае, не памятае”.

Які галоўны досьвед скарыстала Хартыя 97 з чэскага вопыту?

Бандарэнка: “Галоўнае, гэта ўвага да кожнай асобы, якая змагаецца . І сёньня тое, што сем’і рэпрэсаваных атрымоўваюць дапамогу, што інфармацыя пра палітвязьняў імгненна разыходзіцца па сьвеце, інфармацыя пра тое, што Лукашэнка дыктатар , што рэпрэсаваныя беларускія студэнты маюць магчымасьць вучыцца за мяжой – гэта ёсьць галоўны здабытак. У гісторыі беларускага супраціву такія словы як Хартыя 97 застануцца”.

Чэская Хартыя 77 фактычна дасягнула ўсталяваньня дэмакратыі ў краіне праз 12 год, калі адбылася аксамітная рэвалюцыя. Якія пэрспэктывы бачыць беларуская Хартыя 97 адносна Беларусі?

Бандарэнка: “У іх было праз 12 год, а ў нас прайшло толькі 10. Таму яшчэ два гады ёсьць, каб дасягнуць мэтаў. Хаця, безумоўна, мы марылі, што зьмены ў Беларусі адбудуцца значна хутчэй. Сумневу, што Беларусь будзе дэмакратычнай, што Беларусь стане сябрам Эўразьвязу няма”.
XS
SM
MD
LG