Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Начная аБЛОГа


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага Інтэрнэту

Тэма, якую сёньня найбольш актыўна абмяркоўваюць на форумах TUT.by Прэзыдэнт Пуцін падлічыў страты ад газавага пагадненьня зь Менскам Выказваньні некаторых ўдзельнікаў:

“Ва ўсіх усё будзе добра. У Эўразьвязе адбудзецца дывэрсыфікацыя энэргазабесьпячэньня, для Расеі – падвысяцца кошты на энэрганосьбіты на ўсясьветным рынку, у Беларусі – стануць болей езьдзіць на роварах, то бок, весьці здаровы лад жыцьця, разважаючы над эфэктыўнай эканомікай і мяняць уяўленьні пра лідэра”.

“Расея ловіць момант для нагнятаньня жарсьцяў і ўтрыманьня цаны на нафту. Зьвярнулі ўвагу на фразу пра скарачэньне здабычы? Яна ж яўна не па беларускай тэме, папросту выкарыстоўваюць удалы момант”.

“Згодны з тымі, хто сьмяецца над сытуацыяй. Спэктакль, аналягічны таму, што быў ў канцы мінулага году па газе. Зноў пашумяць, уздымуць сабе рэйтынгі кожны ў сваёй краіне дый сьціхнуць”.

“Час рэфэрэндум прызначыць за ўваходжаньне ў Эўразьвяз”.

Блогер Яўген Ліпковіч піша сёньня ў сваім дзёньніку: “Калі аб’ектыўна падыходзіць да пытаньня пра тое, што ў нас адбываецца з забесьпячэньнем краіны энэрганосьбітамі, дык, адкінуўшы фальшывую сьціпласьць, варта заўважыць, што Аляксандар Рыгоравіч значна вырасьлі ў вачох усясьветнай супольнасьці. Калі раней яны садзілі ў турму Шарамета й грамадзяніна Беларусі, дык цяпер, несумненна ў іхнай асобе – якасныя зьмены. Векавая мара ўсяго прагрэсіўнага чалавецтва, што нарэшце расейцы атрымаюць сваё ад незалежнага правасудзьдзя, амаль зьдзейсьнілася… Канечне, ніхто не адступаў ад глябальнай мэты, ясна, дакладна й неаднаразова заяўленай – двума палкамі кінжальным ўдарам навесьці парадак у Лжэдзьмітрыеўску (гэтак блогер Ліпковіч звыкла называе Маскву – РС.), пазьбягаючы непатрэбных ахвяраў сярод мірнага насельніцтва. Але! Нікому не патрэбная пірава перамога. Няхай нават і тактычная”.

Дарэчы, уласны інтэрнэт-дзёньнік гэтымі днямі завёў і акадэмік Аляксандар Вайтовіч . Сярод запісаў у Жывым журнале спадара Вайтовіча можна знайсьці й такі: “Ці ведаеце вы, што за кошт сродкаў, якія неэфэктыўна былі затрачаныя на стварэньне спадарожніка “БелКА”, можна было:

– набыць сельскай гаспадарцы 1000 новых добрых трактараў;

– альбо рэалізаваць тры-пяць прарыўных, шостага ўкладу тэхналёгіяў;

– альбо мадэрнізаваць вытворчасьці на прадпрыемствах 7-10 малых гарадоў і даць новыя магчымасьці для разьвіцьця гэтых гарадоў і падвысіць дабрабыт іх жыхароў;

– альбо, альбо…

Чаму ж небагатая краіна гэтак неэфэктыўна выкарыстоўвае свае невялікія інвэстыцыйныя рэсурсы?”

Між тым у беларускім сеціве зьявіўся сайт прытулку для жывёлаў , які знаходзіцца ў Менску па вуліцы Гурскага,42. Тут можна знайсьці інфармацыю пра котак і сабакаў розных парод, якія шукаюць сваіх старых альбо новых гаспадароў. Апроч таго, аўтары сайту заклікаюць усіх неабыякавых дапамагчы насельнікам прытулку, якім патрэбныя мэдыкамэнты і харчы. Запрашаюць таксама й добраахвотнікаў, каб даглядаць жывёлаў.

Дасылайце свае ідэі ды спасылкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24.
XS
SM
MD
LG