Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Расеі не чакае хуткага вырашэньня канфлікту


Юры Дракахруст, Прага Нафтавы крызіс, які з беларуска-расейскага стаў усеэўрапэйскім, працягваецца. Другі дзень нафта праз беларускія нафтаправоды не ідзе ў Эўропу.

Сёньня ў Маскву на перамовы прыбыла беларуская дэлегацыя на чале з віцэ-прэмьерам Андрэем Кабяковым. Аднак дэлегацыя не была прынятая расейскімі калегамі. Расейскі бок жорстка настойваў на ўмове, сфармуляванай учора намесьнікам міністра эканамічнага разьвіцьця і гандлю Андрэем Шаронавым – перамовы не пачнуцца, пакуль Беларусь не скасуе мыта на транзыт нафты, уведзенае на мінулым тыдні. Беларускі бок у прынцыпе гатовы на гэта, але калі Расея скасуе экспартнае мыта на пастаўкі нафты ў Беларусь, уведзенае летась.

Пазьней сёньня ў Крамлі адбылася ўрадавая нарада, якую склікаў прэзыдэнт Уладзімер Пуцін. Ён загадаў ўраду зрабіць дзейсныя захады па абароне расейскай эканомікі ва ўзаемаадносінах з Беларусью. Акрамя таго, ён падкрэсьліў, што расейскім нафтавым кампаніям , магчыма, давядзецца скараціць здабычу нафты з прычыны спыньненьня паставак праз Беларусь.

З гэтай фармулёўкі вынікае вынікае, што прэзыдэнт Расеі не чакае хуткага вырашэньня канфлікту. Зь іншага боку на нарадзе ён загадаў расейскім урадоўцам сесьці за стол перамоваў у беларускімі калегамі. Сёньня ж гэтыя перамовы пачаліся.

Цяжка сказаць, як хутка будзе дасягнутая згода. На кану стаяць ня толькі вялікія грошы, але і прэстыж бакоў. Расея ўжо панесла немалыя рэпутацыйныя страты. Ужо падчас леташняга канфлікту з Украінай, які прывёў да спыненьня падачы газу ў Эўропу, там узьнікла думка, што Расея – ня надта надзейны партнэр у сэнсе паставак энэрганосьбітаў. Цяперашні крызыс гэтае меркаваньне безумоўна ўзмацніць, незалежна ад таго, чым ён скончыцца. Біржавыя каціроўкі расейскіх нафтавых кампаніяў ужо пайшлі ўніз.

На думку некаторых экспэртаў, менавіта на Эўропу разьлічваў Менск, ідучы на абвастрэньне канфлікту. Паводле такіх ацэнак Лукашэнка мяркуе, што Эўропа, нягледзячы на кепскае стаўленьне да беларускага кіраўніка, прэтэнзіі будзе прад’яўляць усё ж Маскве, хаця б таму, што Расея – партнэр больш дамоваздольны.

Цяжка сказаць, наколькі катастрафічным былі б для беларускай эканомікі новыя цэны на газ і нафту. Але пагаршэньня жыцьця пазьбегнуць, відаць, не атрымаецца, і таму Лукашэнка, абвастраючы сытуацыю, спадзяецца дасягнуць двух мэтаў: дамагчыся ўсё ж больш спрыяльных цэнаў на нафту і паказаць сябе беларусам моцным лідэрам, абаронцам народным інтарэсаў, што было б для яго карысным на выпадак падзеньня ўзроўню жыцьця.

Але апошнія крокі Масквы сьведчаць пра тое, што і яна , хутчэй за ўсё, гатова ісьці да апошняга , нягледзчы на страты. Паўторым, яна ўжо нясе страты – і фінансавыя, а яшчэ больш – рэпутацыйныя, з прычыны спыненьня нафты паставак у Эўропу. Як сказаў у інтэрвію нашаму радыё летась расейскі палітоляг Сяргей Караганаў, выснова, якую Крэмль зрабіў з газавага крызысу з Беларусьсю у 2004 годзе – гэта тое, што справу трэба даводзіць да канца. Цяпер крызыс ператвараецца ў асабісты двубой Лукашэнкі і Пуціна, у спаборніцтва ў моцы палітычнай волі.

У амэрыканскіх хуліганістых падлеткаў гадоў 30 таму была папулярная такая гульня – на пустым “хайвэі” двое садзяцца ў машыны і імчацца насустрач адзін аднаму, лоб у лоб. Хто у апошні момант адвярнуў – той слабак, хто вытрымаў і не адвярнуў, той герой, сапраўдны мужык. У нейкую падобную гульню зараз гуляюць кіраўнікі Беларусі і Расея. Як і ўдзельнікі амэрыканскай гульні, абодва робяць жэсты, якія павінны паказаць іншаму боку , што адварочваць не зьбіраюцца. Але такая гульня можа скончыцца тым, што так бы мовіць, сапраўднымі мужыкамі акажуцца абодва, абодва не адвернуць. “Лімузін”, на якім едзе Пуцін, зразумела, боль масіўны , чым “аўто” Лукашэнкі, але пры сутыкненьні мала не падасца абодвум.

Такія сцэнары міжнародных падзеяў вельмі небясьпечныя, бо могуць прывесьці да наступстваў, якіх не хацеў ніводзін з бакоў.
XS
SM
MD
LG