Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Time": “Што адбываецца, калі слабы хоча адпомсьціць моцнаму?”


Ганна Соўсь, Прага Сусьветныя мэдыі сёньня шмат камэнтуюць спыненьне паставак расейскай нафты ў Эўропу праз тэрыторыю Беларусі і беларуска-расейскі нафтагазавы канфлікт. Прапануем агляд публікацый у францускіх, швэйцарскіх, амэрыканскіх і італьянскіх СМІ.

Рыторыка Масквы становіцца ўсё больш ваяўнічай

Амэрыканскі часопіс "Time" задаецца пытаньнем: “Што адбываецца, калі слабы хоча адпомсьціць моцнаму?” Напярэдадні Новага году маленькая Беларусь саступіла патрабаваньням Расеі, свайго гіганцкага суседа і галоўнага пастаўшчыка газа – аб рэзкім падвышэньні цэнаў на гэтую сыравіну. Аднак 3 студзеня беларускі прэзыдэнт неосталініст Аляксандар Лукашэнка, які ў мінулым называў сябе хаўрусьнікам Уладзімера Пуціна, заявіў у тэлеэфіры, што ягоныя міністры могуць рабіць, што заўгодна, але павінны забясьпечыць краіну нафтай па разумных цэнах. Праўдападобна, што многія чыноўнікі ўспрынялі гэтыя словы, як ўказаньне адкачваць расейскую нафту, якая ідзе праз тэрыторыю Беларусі ў Польшчу і Нямеччыну.

Калі размова ідзе пра Беларусь, то рыторыка Масквы становіцца ўсё больш ваяўнічай. Па дзяржаўным тэлебачаньні рэжым Лукашэнкі называюць непрадказальным і нячыстым на руку, а ў палітычных камэнтарах Беларусь ужо не традыцыйны саюзьнік, а ледзь не варожая дзяржава.

У Беларусі ёсьць свае рахункі з Эўропай

Швэйцарская "Le Temps" канстатуе, што спыненыя пастаўкі расейскай нафты для Нямеччыны і Польшчы – гэта адзін працэнт сусьветнага аб’ёму здабычы нафты. Міжнароднае энэргетычнае агенцтва, якое прадстаўляе інтарэсы краінаў–імпарцёраў нафты, лічыць, што спыненьне паставак само па сабе ня страшна. Міжнародны рынак дастаткова забясьпечаны, нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы, якіх тычыцца адключэньне, могуць забясьпечваць сябе сыравінай і з іншых крыніцаў. Аднак паводле Клода Мандыля, дырэктара Міжнароднага энэргетычнага агенцтва, “непакоіць надзейнасьць гэтых краінаў у якасьці нашых партнэраў”. У Беларусі ёсьць свае рахункі з Эўропай, паколькі Брусэль у сьнежні адмяніў гандлёвывя прэфэрэнцыі для Беларусі, тады як больш за 12 працэнтаў беларускага экспарту ідзе на эўрапейскі рынак. Рана думаць, што Пуцін вырашыў пазбавіцца ад надакучлівага саюзьніка

Француская "Liberation" піша, нягледзячы на рашэньні саміту ў Сочы, якія заклалі аснову для будучага саюзу, які гарантуе цэны на энэрганосьбіты, дыктатар Аляксандар Лукашэнка быў вымушаны здацца ў газавым пытаньні, аднак прыдумаў уласныя карныя меры ў форме мыта на транзыт нафты праз Беларусь ў памеры 45 даляраў з кожнай тоны. Масква, якія ня лічыць сябе абавязанай плаціць гэты падатак, адказала памяншэньнем паставак, а Менск у адказ перакрыў кран.

Рана думаць, што прэзыдэнт Расеі Уладзімер Пуцін вырашыў пазбавіцца ад надакучлівага саюзьніка, які выконваў пры ім ролю пудзіла. Учорашняя адпраўка беларускай дэлегацыі ў Маскву можа азначаць і магчымасьць кампрамісу.

Пуцін ізноў дэманструе мускулы

“Пуцін ізноў дэманструе мускулы", піша італьянская “La repubblica”. Чарговае сутыкненьне ў энэргетычным пытаньні паспрыяла падвышэньню цэнаў на нафту. Потым цана ізноў апусьцілася, аднак расейскі фронт застаўся адкрытым. ”Дружба” – такая назва ў адпаведнасьці з тэрміналёгіяй савецкай імпэрыі была дадзеная трубаправоду, які зьвязвае нафтавыя радовішчы ва Усходняй Сібыры з нафтаперапрацоўчымі прадпрыемствамі ў Цэнтральнай Эўропе. Аднак пра дружбу ў дадзены момант паміж Беларусьсю Лукашэнкі і Расеяй Пуціна гаварыць не даводзіцца.
XS
SM
MD
LG