Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наваполацак чакае нафты


Радыё Свабода, Полацак Нафтахімічны комплекс Полаччыны фармуе палову бюджэту Віцебскай вобласьці. Многія з тых, хто працуе ў адкрытым акцыянэрным таварыстве “Нафтан”, перакананы: калі ня ўдасца дамовіцца аб пастаўцы нафты на міждзяржаўным узроўні, яе можна будзе набыць непасрэдна ў расейскіх нафтаздабывальных кампаній.

Гаворыць работнік “Нафтану” і дэпутат гарадзкога савету Васіль Главацкіх.

Главацкіх: “Ніякага хваляваньня ў працоўным калектыве няма. Кіраўніцтва заводу езьдзіла ў Маскву дамаўляцца аб пастаўках нафты. Магчыма, і цяпер нехта з заводзкіх кіраўнікоў у Маскве”.

Між тым, як сьведчаць самі нафтанаўцы, аб’ёмы перапрацоўкі апошнімі днямі зьнізіліся. Вось што нам паведаміў адзін з інжынэрна-тэхнічных работнікаў:

Інжынэр: “Пасьля Новага году і ў Новы год у нас загрузка была няпоўная -- дзесьці 60 адсоткаў. Між тым, для нас важна, каб усё ж такі дамовіліся з нафтаю. Бо калектыў хоча працаваць на поўную загрузку і атрымліваць нармальныя заробкі. Нам важна таксама правесьці заплянаваную рэканструкцыю прадпрыемства. І калі на завод прыйдуць нейкія інвэстыцыі, мы будзем вельмі рады. Будзе гэта расейскі інвэстар, ці заходні – для нас ня мае значэньня. Гэта будзе на карысьць усім”.

На “Нафтане” ўжо ня першы год ідзе рэканструкцыя і мадэрнізацыя вытворчасьці: тут узводзіцца навачасная тэхналягічная ўстаноўка АТ-8, здольная перапрацоўваць да сямі мільёнаў тон сырой нафты за год. Аднак у дадзены момант заводу не да рэканструкцыі. На выпадак рэзкага скарачэньня паставак сыравіны тэхнічна падрыхтавана да спыненьня асноўная вытворчая ўстаноўка АТ-6: у разе яе спыненьня будуць задзейнічаны ўстаноўкі меншай магутнасьці.

Інжынэр: “Вядома ж, ня хочацца, каб завод спыняўся. Таму што гэта зьвязана зь вялікімі фінансавымі стратамі. А каталітычныя працэсы наагул спыняць непажадана. Пэўны час мы можам працаваць у рэжыме цыркуляцыі, але доўга працаваць так нельга, бо дарма згарае паліва, працуюць помпы і, адпаведна, марнуецца электраэнэргія”.

Адкрытае акцыянэрнае таварыства “Нафтан” зьяўляецца самым вялікім прадпрыемствам у рэгіёне – як па аб’ёме вытворчасьці, так і па колькасьці работнікаў. Цяпер там працуе прыкладна 7 тысяч чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG