Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве праходзяць беларуска-расейскія нафтавыя перамовы


Валер Каліноўскі, Менск Сёньня ў Маскве пачаліся міжурадавыя перамовы наконт урэгуляваньня беларуска-расейскага нафтавага крызысу, у выніку якога былі спынены паcтаўкі нафты ў краіны Эўропы празь беларускі ўчастак магістральнага нафтаправоду “Дружба”. Бакі спрабуюць урэгуляваць прэтэнзіі вакол мыт на пастаўку расейскай нафты ў Беларусь і транзыт яе ў Эўропу.

Нафтавыя перамовы між Беларусьсю і Расеяй былі наладжаны толькі з другой спробы. Сустрэча дэлегацый пачалася а 5-й гадзіне вечара па маскоўскім часе. З расейскага боку дэлегацыю ўзначаліў міністар эканамічнага разьвіцьця Герман Грэф, зь беларускага – першы віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў. Гэтую інфармацыю пацьвердзілі ў Міністэрстве эканамічнага разьвіцьця і гандлю Расеі і ў беларускай амбасадзе ў Маскве.

Першая спроба беларускай дэлегацыі ў складзе намесьніка міністра эканомікі Ўладзімера Найдунова, намесьніка міністра замежных спраў Андрэя Еўдачэнкі, намесьніка міністра юстыцыі Ігара Тушынскага ды іншых урадоўцаў пачаць перамовы ў Мінэканамразьвіцьця Расеі скончылася безвынікова.

Беларускім чыноўнікам там адразу заявілі: перш чым пачаць перамовы, трэба вызначыць стартавыя пазыцыі бакоў -- заявіла памочніца расейскага міністра эканамічнага разьвіцьця Ала Барысенкава.

У расейскім урадзе раней казалі, што перамовы магчымыя толькі ў тым разе, калі Беларусь скасуе сваё транзытнае мыта на пастаўкі расейскай нафты. Спадар Найдуноў заявіў, што хоча весьці перамовы пра скасаваньне Расеяй мыта на нафту, якая пастаўляецца ў Беларусь, а ў абмен Менск згодзен разгледзець пытаньне аб падзеле мыта ад продажу нафтапрадуктаў.

Фактычна на гэтай стадыі першая спроба дыялёгу й закончылася -- паведамілі ў прэсавай службе расейскага міністэрства.

Паводле намесьніка міністра эканомікі Беларусі Ўладзімера Найдунова, ён прапанаваў расейскім калегам новы варыянт пагадненьня аб падзеле мыта на экспарт беларускіх нафтапрадуктаў, вырабленых з расейскай сыравіны. Пасьля гэтага беларуская дэлегацыя пакінула будынак расейскага міністэрства і накіравалася ў амбасаду Беларусі, дзе правяла прэсавую канфэрэнцыю, падчас якой у зрыве перамоў быў абвінавачаны расейскі бок.

Найдуноў: “Расейскі бок пакуль праводзіць кансультацыі ў справе выпрацоўкі сваёй пазыцыі наконт пытаньняў нашага супрацоўніцтва ў нафтавай галіне. І пакуль, на жаль, не гатовы да перамоў”.

Уладзімер Найдуноў заявіў, што беларуская дэлегацыя пакуль застаецца ў Маскве і будзе чакаць рашэньня расейскага боку. Пасьля таго, як прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін на адмысловай нарадзе даручыў свайму ўраду прадоўжыць перамовы з кіраўніцтвам Беларусі наконт паставак і транзыту, беларускую дэлегацыю на чале з Андрэем Кабяковым запрасілі на перамовы ў Міністэрства эканамічнага разьвіцьця і гандлю Расеі.

Тым часам на беларускім участку нафтаправоду “Дружба” ціск заставаўся нулявым: пастаўкі расейскай нафты ў шэсьць краін Эўропы не ажыцьцяўляліся -- паведамілі на прадпрыемстве “Гомельтранснафта “Дружба”.

Супрацоўнік: “Стаім пасьля таго, як сталі ўчора ў сем раніцы…”

У калектыве прадпрыемства “Гомельтранснафта” занепакоены сытуацыяй:

Супрацоўнік: “Натуральна, хвалююцца людзі, калі прадпрыемства спыняецца: усе хочуць атрымаць заробак. У нас працуе 1 300 чалавек”.

У расейскай кампаніі “Транснефть” сёньня спрабуюць разабрацца ў сытуацыі і знайсьці выйсьце з пастаўкамі нафты ў Эўропу -- паведаміў віцэ-прэзыдэнт кампаніі Сяргей Грыгор’еў:

Грыгор’еў: “Мы сёньня прыступілі да працы і сёньня ж разьбярэмся ў гэтай сытуацыі. Да таго ж, у нас былі выходныя дні”.
XS
SM
MD
LG