Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чэргаў на памежным пераходзе “Рэдзькі—Краснае” няма


Радыё Свабода, Віцебск Адразу пасьля навагодніх сьвят расейскі мытны камітэт увёў абавязковае афармленьне часовага ўезду для ўсіх сродкаў транспарту – як грузавых, так і легкавых. Новаўвядзеньне расейскага боку ў першыя пасьлясьвяточныя дні парушыла рэжым працы транспартнага пераходу “Рэдзькі--Краснае”, які месьціцца на міжнароднай трасе М1/Е30 на памежжы Віцебшчыны і Смаленшчыны. Цягам сутак перад расейскай мяжой сабралася блізу тысячы машын. Цяпер крытычная сытуацыя зьліквідавана.

Кіраўнік Смаленскай транспартнай інспэкцыі Ўладзімір Лукашоў зьвязвае нядаўнія чэргі на мяжы перадусім з пасьлясьвяточным наплывам машын, а не з увядзеньнем новых мытных патрабаваньняў.

Лукашоў: “Сьвяты – адпаведна, павялічылася колькасьць легкавых транспартных сродкаў. Зазвычай цягам сутак мы афармляем часовы ўезд для 120-ці машын, а ў мінулую ноч аформілі 780-ці. Калі раней толькі юрыдычным асобам афармлялі часовы ўезд, а фізычным -- не, то цяпер афармляем усім. І сёньня за суткі мы аформілі ўезд туды і сюды для 900 грузавых машын. Я асабіста быў там: ніякіх чэргаў няма: нуль — на ўезд і нуль – на выезд”.

На беларускім баку памежнага пераходу “Рэдзькі—Краснае” круглыя суткі дзяжураць супрацоўнікі Віцебскай транспартнай інспэкцыі. Адзін зь іх на ўмовах ананімнасьці распавёў, што некаторыя кіроўцы легкавых аўтамашын мусілі правесьці амаль усю ноч у чаканьні мытнага афармленьня. І грузавыя фуры, якія трапілі ў атачэньне легкавікоў, таксама мусілі чакаць дазволу на праезд -- нават маючы ў наяўнасьці ўсе належныя дакумэнты.

Супрацоўнік: “Расея рэгіструе часовы ўвоз, а яны да гэтага самі яшчэ не гатовы. Каб заехаць на расейскую тэрыторыю на легкавым аўтамабілі, трэба запляціць каля 10 даляраў. Прызначаны для гэтага толькі адзін чалавек, і ён працуе як можа: абслугоўвае 100 машын за дзень! А тут усе пасталі ў агульную чаргу. Ды ўперамешку з грузавікамі. Большы вэрхал учыніць было цяжка! Гэта як было ў 80-я гады на заходнім памежжы: такія самыя чэргі тут будуць цяпер, калі з такім стаўленьнем будзем працаваць і далей!”

Супрацоўнікі беларускай транспартнай інспэкцыі спадзяюцца, што расейскі бок адменіць новыя правілы для легкавікоў. Але не выключаюць, што ў адваротным выпадку беларуская мытня таксама запатрабуе адпаведнага афармленьня часовага ўвозу для расейскіх машын. Тады на міжнароднай трасе зноў могуць утварыцца заторы. Цяпер чэргаў на памежным пераходзе “Рэдзькі—Краснае” няма.
XS
SM
MD
LG