Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Меншчына: у кандыдатаў няроўныя ўмовы


Міхал Стэльмак, Менск Датэрміновае галасаваньне сёньня пачалося й на Меншчыне. Многія дэмакратычныя кандыдаты ў гэтым рэгіёне маюць складанасьці з агітацыяй.

Ранкам 9 студзеня адкрыўся для датэрміновага галасаваньня ўчастак №18 у мястэчку Крывічы, што на Мядзелшчыне. Як паведаміла сябра мясцовай выбарчай камісіі Тэрэза Сяліцкая, частка выбарцаў ужо прагаласавала:

Сяліцкая: “Пачалося: ужо 31 чалавек прагаласаваў. Звычайныя людзі – зь вёсак, з Крывічоў. Большасьць пэнсіянэраў. Мы іх не прывозілі, яны сваім ходам. Сёньня ў нас у Крывічах кірмаш, дык адтуль і прыходзяць людзі”.

У Крывіцкі сельсавет балятуецца актывіст прадпрымальніцкага руху Аляксандар Талстыка. Ён стаў кандыдатам у дэпутаты насуперак жаданьню мясцовых чыноўнікаў. Крывіцкі дэмакрат мае праблемы з агітацыйнымі матэрыяламі.

Талстыка: “Я надрукаваў сам сваю ўлётку – з партрэтам, з дэвізам “Новы дэпутат – новая будучыня”. Прыяжджаю да старшыні камісіі, а яна кажа: “Трэба гэтыя словы прыбраць -- тады мы разьмесьцім”. А на другім баку я надрукаваў выказваньне Лукашэнкі з усімі выходнымі дадзенымі: хто такі дэпутат і як змагацца з чыноўнікамі. Прыехалі з раёну, убачылі маю ўлётку, і ўсе забралі (адну пакінулі толькі -- дзе партрэт з выходнымі дадзенымі пра мяне). Астатнія ж павезьлі на экспэртызу: ці можна было друкаваць з выказваньнямі Лукашэнкі, ці не. Таму, можа, мяне яшчэ й здымуць”.

Сёньня накіраваў скаргу ў Цэнтравыбаркам сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Валчанін з Жодзіна. Як лічыць кандыдат, арганізатары выбараў падаюць яго біяграфію ў скажоным выглядзе:

Валчанін: “Акруговая і раённая выбарчыя камісіі не ўказалі, што я зьяўляюся ўдзельнікам ліквідацыі наступстваў на Чарнобыльскай АЭС. Хаця ў майго апанэнта ўсе заслугі пазначаны. Таксама я напісаў у скарзе, што за ўвесь агітацыйны пэрыяд камісія не стварыла мне магчымасці правесці хоць адну сустрэчу з работнікамі прадпрыемстваў на тэрыторыі Ўсяжскай акругі. Хаця па законе камісія рыхтуе такія сустрэчы”.

На Узьдзеншчыне таксама накіраваў скаргу, толькі ў пракуратуру, сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандар Лабанок, які зьяўляецца кандыдатам у дэпутаты Хатлянскага сельсавету:

Лабанок: “Я – прадпрымальнік. У мяне ёсьць свая крама. Той чалавек, які хацеў быць кандыдатам (ён працуе кіраўніком), разбурыў маю дарожку, якая вяла празь “зялёную зону” да крамы. Прыгналі экскаватары. А ў мяне ёсьць плян, узгоднены з архітэктарам, складзены чатыры гады таму, калі я адчыняўся. Але яны ўзрываюць усё – пліты. Я патэлефанаваў у міліцыю: сказаў, што крадуць прыватную ўласнасьць і разбураюць усе мае пад’язныя шляхі-дарогі. Ніхто не аднаўляе. Гэта рабілася пад замову. Цяпер жа як? Лукашэнка даў указаньне, каб у сельсавеце былі “свае” людзі, каб туды не маглі патрапіць ні левыя, ні правыя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG