Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Я.Раманчук: “Беларусь парушыла міжнародныя правілы”


Алесь Дашчынскі, Менск Яраслаў Раманчук лічыць, што ў цяперашнім нафтавым канфлікце вінаваты беларускі ўрад. Прапанова падзелу мытаў была агучана Расеяй яшчэ вясной мінулага году, але афіцыйны Менск нічога не рабіў. Паводле спадара Раманчука, гэты канфлікт псуе рэпутацыю Беларусі ў міжнародным транзыце.

Раманчук: “Беларусь парушыла міжнародныя правілы, тыя прынцыпы, на якіх грунтуецца ўвесь гандаль. Таму Масква вельмі ясна ўсё сказала, і гэта пазыцыя падтрымліваецца Эўразьвязам: пакуль Беларусь ня здыме мыта, якое яна ўвяла, -- ніякага дыялёгу ня будзе. Беларусь мусіць быць адказнай за тое, што робіць, калі хоча, каб зь ёй размаўлялі. Перамовы, я думаю, пачнуцца толькі пасьля таго, як беларускі бок здыме гэта мыта. І тады Расея будзе ў стане пайсьці на нейкі кампраміс.

Але гэты кампраміс будзе на расейскіх умовах: мыты на нафту будуць падзелены паміж Расеяй і Беларусьсю ў прапорцыі 80 на 20 альбо 75 на 25. Іншага ня будзе. Так ці інакш, Беларусь страціла каля 3 мільярдаў даляраў. А па-другое, Расея стане больш жорстка ставіцца да беларускіх тавараў, і мы наткнёмся на вельмі жорсткі гандлёвы пратэкцыянізм, што прывядзе да большых стратаў у гандлі з Расеяй.

Калі беларускі бок хацеў увесьці нейкія зьмены ў дамоўленасьці з Расеяй па нафце, трэба было правесьці гэта празь перамовы з расейскім урадам. Аднак гэта адбылося так, як робяцца многія рэчы ў Беларусі. Калі Беларусі нешта не падабаецца, трэба папросту выйсьці з дамоўленасьцяў па саюзнай дзяржаве і Мытным саюзе”.
XS
SM
MD
LG