Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы дзень датэрміновага галасаваньня: у Горадні “плякатная вайна”


Радыё Свабода, Горадня У Горадні ў першы дзень датэрміновага галасаваньня на выбарчых участках нешматлюдна, пераважна прыходзяць пэнсіянэры. Апазыцыйныя кандыдаты патрабуюць у сябраў выбарчых камісій, каб ім забясьпечылі роўныя ўмовы з праўладнымі кандыдатамі.

Я пабываў сёньня на некалькіх выбарчых участках Горадні. Практычна ўсюды дзяжураць некалькі сябраў камісіі, абавязкова ёсьць адзін назіральнік і міліцыят. Пытаюся ў назіральніцы, хто прыходзіць галасаваць:

Назіральніца: “Пэнсіянэры прыходзяць. Моладзь, відаць, на працы, на вучобе. Магчыма, падвечар прыйдуць”.

Цікаўлюся ў спадара Юльяна, які толькі што прагаласаваў, чаму ён прыйшоў на датэрміновае галасаваньне:

Спадар Юльян: “У суботу хачу на дачу паехаць. А на выбары грошы выдаткоўваюцца. Не пайсьці на выбары – неразумна: грошы прападуць”.

Пытаюся, ці даводзілася калі-небудзь спадару Юльяну зьвяртацца па дапамогу да сваіх дэпутатаў:

Спадар Юльян: “Жыцьцё выдатнае, нармальнае. Чаго мне хадзіць? За мяне думаюць абраныя дэпутаты”.

А вось сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, кандыдат у дэпутаты Гарадзенскіх гарадзкога й абласнога саветаў Юры Істомін цьвердзіць, што ўлады вядуць з апазыцыйнымі кандыдатамі “плякатную вайну”:

Істомін: “На гэтым этапе вядзецца так званая “плякатная вайна”: мы разьвешваем плякаты з маім фота й лёзунгамі ў адведзеных месцах, але яны вісяць ня болей за 2--3 гадзіны. Тым жа часам улёткі праўладных кандыдатаў не зьнікаюць”.

Сёньня Юры Істомін намераны зьвярнуцца ў пракуратуру са скаргай на старшыню аднаго з выбарчых участкаў. У школе, дзе знаходзіцца адзін з участкаў, вывесілі агітацыйныя матэрыялы толькі праўладных кандыдатаў, а ягоных матэрыялаў на стэндзе няма. Спадар Істомін спрабаваў давесьці старшыні камісіі, што гэта -- парушэньне закону, аднак нічога не дамогся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG