Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Паўловіч: “Расейскі гарбуз коштам 4 мільярды даляраў”


Алесь Дашчынскі, Менск Старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў у прамысловасьці і паліўна-энэргетычным комплексе Анатоль Паўловіч не пагаджаецца з ацэнкамі сытуацыі ў расейскай прэсе наконт таго, што ўздым беларускай эканомікі зьвязаны толькі з нізкімі цэнамі на энэрганосьбіты.

Паўловіч: “Тое, чаго дасягнула Рэспубліка Беларусь, дасягнута нават у горшых умовах гаспадараньня – параўнальна з расейскімі прадпрыемствамі. Таму такія ацэнкі маюць палітычны падтэкст.

Цану 100 даляраў на газ мы разглядаем у кантэксьце стварэньня саюзнай краіны. А калі разглядаць Беларусь і Расею як асобныя краіны, тады гэта адна з самых нізкіх цэн. Беларускі бок заўсёды выступае ў кантэксьце саюзнай краіны і дасягнутых пагадненьняў.

Расейская мыта на нафту зьявілася раптоўна. Так жа ня робіцца. Год завяршаецца, і 8 сьнежня закідаюць гарбуз на беларускі бок коштам 4 мільярды даляраў. Любая эканоміка за гэткі час ня можа такіх рэчаў перажыць. Адсюль і неадэкватная сытуацыя, і спробы знайсьці нейкія крокі ў адказ. Беларусь папросту пастаўлена ў такія ўмовы, бо ў нас няма іншых магчымасьцяў. Беларусь прывязана толькі да адных трубаў, якія ідуць з Расейскай Фэдэрацыі.

Цяперашняя сытуацыя яўна не працуе на збліжэньне двух народаў. Урэшце трэба дамаўляцца нават у такіх умовах. Бакі прыйдуць да нейкага пагадненьня — іншага быць ня можа”.
XS
SM
MD
LG