Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня пачалося датэрміновае галасаваньне (пашыраны)


Уладзімер Глод, Менск 9 студзеня ў Беларусі пачалося датэрміновае галасаваньне на выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў. Плянуецца абраць 22 661 дэпутата, пачынаючы ад узроўню сельскага савету і заканчваючы абласным. Шмат дзе выбары будуць безальтэрнатыўнымі, бо ўсяго прэтэндэнтаў толькі крыху больш за 24 тысячы.

У сталіцы Беларусі найбольшая канкурэнцыя зафіксавана ў 51-й Уруцкай акрузе. На адзін дэпутацкі мандат там – шэсьць прэтэндэнтаў. Сярод іх пэнсіянэр Уладзімер Лапцэвіч – вядомы тым, што спрабуе зарэгістравацца кандыдатам на ўсе прэзыдэнцкія выбары, і дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Павал Знавец.

Спадар Знавец балятаваўся ў гэтай жа акрузе і на папярэдніх рэгіянальных выбарах – чатыры гады таму. Тады ён арганізоўваў назіраньне за выбарамі. Сёлета кандыдат гэтага ня робіць. Чаму?

Знавец: “Бессэнсоўна. Датэрмінова – гэта 30-40 адсоткаў. А раз камісіі яшчэ альбо ня кажуць, альбо хлусяць, колькі насамрэч выбарцаў прагаласавала датэрмінова, дык тут вялікае поле дзейнасьці для фальсыфікацый. Каля Ўруцкага рынку ў гімназіі ёсьць вялікі выбарчы ўчастак – 2 700 выбарцаў. І мне паведамілі, што там датэрмінова галасавалі 250 ці 230 чалавек. А пасьля раптам высьветлілася, што датэрмінова галасавалі ледзь не 700 чалавек, зь якіх больш за 90 адсоткаў – за кандыдата ад улады Лук’янава. Вось прыклад таго, як можна маніць і рабіць зь лічбамі, што хочаш. Гэта было ў 2003 годзе. А цяпер будзе яшчэ горш”.

Прадстаўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Алесь Стральцоў, які балятуецца ў Заслаўскай выбарчай акрузе, таксама ня ладзіць назіраньня:

Стральцоў: “Кандыдаты скарыстоўваюць уласныя сувязі, каб праз знаёмых сяброў выбарчых камісіяў атрымаць рэальныя зьвесткі. Таму што назіральніку атрымаць рэальныя дадзеныя, нават адседзеўшы тыдзень на выбарчым участку, фактычна ніяк немагчыма”.

Аднак нават у такіх умовах, на думку Паўла Знаўца, удзельнічаць у выбарах патрэбна:

Знавец: “Гэта – вялікая інфармацыйная кампанія. У тым жа Менску 55 акруг, а ў кожнай больш за 20 тысяч выбарцаў. І праз улёткі мы прарываем інфармацыйную блякаду, распаўсюджваем незалежную інфармацыю пра тое, што адбываецца ў краіне”.

Сёлета рэгіянальныя выбары ўпершыню пройдуць за адзін тур. Дэпутацкі мандат атрымае той з прэтэндэнтаў, хто набярэ хаця б на адзін голас больш за свайго бліжэйшага канкурэнта. Раней, каб стаць дэпутатам, у першым туры неабходна было набраць больш за 50 адсоткаў галасоў выбарцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG