Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Народ маўчыць, а ўлада робіць тое, што захоча....”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

У гэтыя першыя студзеньскія дні 2007-га году большая частка лістоў, якія атрымлівае “Свабода” ад сваіх слухачоў, – зь віншаваньнямі і падсумаваньнямі мінулагодніх падзей, уражаньняў, захапленьняў і расчараваньняў. Сярод тых, хто адказаў на пытаньне “Свабоды” пра помныя навіны прамінулага ўжо 2006-га году, – Міхаіл Восіпчык зь Менску.

“Ці былі ў 2006-м годзе добрыя навіны? Напэўна, былі. Кожны чалавек можа ўспомніць што-небудзь прыемнае, што адбылося на працягу цэлага году. У мяне пайшла ўнучка ў школу... Я адрамантаваў кватэру (грошы на рамонт зьбіралі ўсёй сям’ёй два гады). У дзяцей было ўсё больш-менш добра. Не такі ўжо й благі год. А калі паглядзець на лёс Беларусі, то тут нічога прыемнага не адбылося. Прэзыдэнцкія выбары былі такія ж, як і ўсе выбары і рэфэрэндумы цягам апошніх дзесяці ці дванаццаці гадоў. Народ маўчыць, а ўлада робіць тое, што захоча. І моладзь, якая выйшла ў сакавіку на Кастрычніцкую плошчу, такога стану не зьмяніла: надта ж мала было тых хлопцаў і дзяўчат. А цяпер ці ня ўсе яны, наколькі я разумею, пазьязджалі за мяжу працягваць вучобу. Так што ў сакавіку 2007-га ўжо ня будзе каму выходзіць на тую плошчу.

На пачатку і ў сярэдзіне 90-х гадоў я сам спрабаваў займацца палітыкай. У мяне было шмат знаёмых і сяброў, якія таксама актыўна ўдзельнічалі ў грамадзкіх справах. Цяпер фактычна ўсе яны ад гэтага адышліся. Чым займаюцца? Нехта гадуе ўнукаў і даглядае лецішча; нехта спрабуе зарабляць грошы; нехта плюнуў на ўсё і зьехаў за мяжу... Цяжка дакараць людзей за гэта. Жыцьцё мінае, і чалавек змушаны думаць найперш пра ўласны лёс, пра сваіх блізкіх і родных. А спрычыняцца да палітыкі сёньня ў Беларусі і небясьпечна, і боязна, і, напэўна, беспэрспэктыўна. Прынамсі, у блізкай будучыні ніякіх прасьветаў не відно”.

Сапраўды, спадар Восіпчык, у Вашых развагах шмат слушнага – асабліва, калі глядзець на жыцьцё вачыма чалавека Вашага пакаленьня.

Але ў моладзі – іншая лёгіка, іншы досьвед, іншыя погляды на мінулае і будучыню. Цяперашнюю ўладу ў ’94-м годзе выбіралі не тыя, каму сёньня 20, 25 і нават 30 гадоў, – яе выбралі іх бацькі і дзяды. А маладое пакаленьне. па сутнасьці, ня ведае, што такое вольныя дэмакратычныя выбары. Яны яшчэ ня мелі права выбару – гэты выбар за іх дванаццаць з паловай гадоў таму зрабілі іншыя... Між тым, яны маюць права на ўласны лёс, на ўласныя памылкі і дасягненьні, на ўласнае жыцьцё. І гэтае імкненьне да самастойнасьці і да зьменаў немагчыма выкараніць – якія б лягічныя аргумэнты людзі Вашага, спадар Восіпчык, пакаленьня ні выстаўлялі да маладых. Яны яшчэ ня думаюць пра пэнсіі, спакойную старасьць і спадчыну для ўнукаў. Відавочна, некалі яны стануць такімі ж, як Вы. І будуць думаць і разважаць прыкладна гэтак жа, як Вы... Але да таго часу шмат вады сплыве і шмат падзей адбудзецца ў Беларусі і вакол яе.

Спрабуе зазірнуць у блізкую будучыню і наша слухачка Ірына Панасенка з Баранавічаў. Яна піша:

“Упэўнена, што ў 2007-м годзе мы апынемся ў іншай дзяржаве. Гэты рэжым трымаўся на шалёных расейскіх грашах, на нафтадалярах, якія няспынным патокам ішлі ў Беларусь. Дзякуючы ім, Лукашэнку ўдавалася стабілізаваць эканоміку, якая насамрэч даўно ня здольная канкураваць на вонкавым рынку. І вось расейскія алігархі схамянуліся: палічылі, колькі мільярдаў яны не атрымліваюць ад паставак сваіх нафты і газу ў Беларусь, – і выставілі Лукашэнку рахункі.

Беларускія тавары сёньня і так зусім ня танныя – прайдзіцеся па нашых крамах, паглядзіце на цэньнікі. А што будзе, калі цана на энэрганосьбіты ўзрасьце ў тры ці чатыры разы? Хто іх будзе купляць? І адкуль возьмуць грошы беларусы, калі за камунальныя паслугі давядзецца аддаваць ледзь ня ўсю пэнсію ці зарплату? Выснова з усяго гэтага адна: стаўленьне людзей да такой улады можа зьмяніцца вельмі хутка. Новага шоку, валютнага абвалу, рэзкага пагаршэньня ўмоў жыцьця нашы людзі цярпець ня будуць”.

Нават калі Беларусь чакае эканамічны спад, наўрад ці гэта адбудзецца ў адно імгненьне, спадарыня Панасенка. У дзяржавы ёсьць сякія-такія золатавалютныя рэзэрвы, ёсьць і маёмасьць, якою нейкі час можна разьлічвацца за расейскія энерганосьбіты. Тым больш, што пра падвышэньне цаны на газ у тры ці чатыры разы размова ўжо не вядзецца: расейскі бок на фінішы перамоў значна саступіў у сваіх патрабаваньнях і ў апошні дзень году падпісана пагадненьне, паводле якога Беларусі давядзецца плаціць ня 200, а 100 даляраў за тысячу кубамэтраў газу.

Увогуле, калі крызысу немагчыма пазьбегнуць, то расьцягнуць яго ў часе, адтэрмінаваць, зрабіць эфэкт ад нэгатыўных эканамічных наступстваў не такім раптоўным і балючым для насельніцтва ўлада цалкам здольная. Хутчэй за ўсё, менавіта такім шляхам яна і будзе ісьці. А беларусы – людзі цярплівыя і да рознага кшталту нягод звыклыя: напрыканцы 80-х і на пачатку 90-х гадоў без асаблівых пратэстаў перацярпелі і куды большыя эканамічныя ўзрушэньні. Так што прагноз наконт нейкага надзвычайнага і пераломнага пачатку 2007-га году наўрад ці спраўдзіцца. Хоць гандлёвая вайна ў гэтыя першыя дні году, як бачым, доўжыцца зацята.

Многія заўважылі, што на працягу некалькіх мінулых гадоў у Беларусі зьявілася мноства латарэй, гульняў, таталізатараў, арганізатары якіх з дапамогай дзяржаўных тэлеканалаў уцягваюць у арбіту свайго бізнэсу дзясяткі і сотні тысяч людзей. На гэту зьяву зважылі й некаторыя нашы слухачы. Вось што піша ў лісьце на “Свабоду” Міхал Сантаровіч-Чыкун зь Дзяржынску (Койданава):

“Людзі быццам звар’яцелі: гульня зрабілася навалай. Радыё, тэлебачаньне і друк робяць сваю справу: абвесткі гучаць ледзь не штохвіліны. Многім заманулася на дурніцу мець грошы, аўтамабілі, жытло… Сумленнай працай зарабіць няма здольнасьцяў. Ды й дзяржава не дае такой магчымасьці. Вось таму й гуляюць.

Заўважана: чым больш неадукаваная і незапатрабаваная публіка, тым лепшы грунт для такіх вось гульняў. Як я прыкмеціў: гульцамі парабіліся пераважна прыхільнікі цяперашняга рэжыму. Многіх ведаю асабіста. Дык яны й так адчуваюць сябе шчасьлівымі. А цяпер чакаюць яшчэ й дадатковага шчасьця ад гульні. Вось-вось яно абрынецца зь нябёсаў у выглядзе “халяўнай” кватэры. Адзін мне так і сказаў: “Выйграю буйную суму – можна будзе ўвогуле не працаваць: буду жыць з адсоткаў ад сумы выйгрышу…” Летуценьні, летуценьні… Дасьведчаныя людзі, якія крыху ведаюць матэматыку, разумеюць, што шанцы атрымаць выйгрыш – амаль нулявыя. Плойма атрымае вялізную дулю. Але ж надзея не пакідае задаволеных сваёй галотай ды бездухоўнасьцю”.

Сапраўды, спадар Сантаровіч, гэтыя гульні ў Беларусі набылі шырокі маштаб. Сам днямі быў сьведкам, як адна бабуля, атрымаўшы ў ашчадным банку пэнсію, ледзь ня чвэрць яе адразу ж, не адыходзячы ад акенца, патраціла на цэлую кіпу розных латарэй…

Рознага кшталту таталізатары папулярныя і ў іншых краінах. Важна, каб у гэтай справе людзі дакладна ведалі правілы гульні і каб гэта не ператварылася ў фінансавую піраміду, ад якіх у свой час пацярпелі мільёны былых савецкіх грамадзян, што апантана паверылі ў цуд імгненнага ўзбагачэньня і панесьлі апошнія ашчаджэньні розным прайдзісьветам.

На заканчэньне – некалькі кароткіх пераднавагодніх лістоў, якія ня маюць патрэбы ў камэнтарах. Вось што нам піша Міхаіл Басевіч зь Пінску:

“Трэба, каб чалавек жыў ня толькі страўнікам, як большасьць нашых суайчыньнікаў, якім усё, як кажуць, “па барабане” – былі б выпіўка і закусь. Трэба, каб чалавек ад нараджэньня быў цікаўным, імкнуўся ведаць як мага больш пра сваё атачэньне, пра Сусьвет – тады ён абавязкова знойдзе Свабоду.

Веру ў Бога, у запаветы Маісея, у высокае прызначэньне чалавека, у яго годнасьць. Веру, што некалі настане час, калі чалавек пачне збліжацца з Богам, выконваць яго запаветы. З гэтай верай і жыву. Усіх супрацоўнікаў Радыё Свабода віншую з Новым годам і Калядамі!”

І яшчэ адзін кароткі ліст – ад Паўла Васілевіча зь Менску.

“Веру, што нашым унукам удасца зрабіць тое, чаго ня здолелі зрабіць мы. Надзея -- на такую моладзь, як Павал Севярынец, Мікола Астрэйка ды іншыя. Яны зьменяць гэту завядзёнку, калі ўсё грунтуецца на хлусьні, і пачнуць будаваць жыцьцё па-новаму – на праўдзе. Тады мы будзем жыць у згодзе з усімі цывілізаванымі краінамі Эўропы, і найперш – з блізкімі суседзямі. Дай Божа дачакацца, калі ўсё гэта стане явай”.

Дзякуй, спадар Васілевіч, Вам і ўсім, хто ў гэтыя сьвяточныя дні знайшоў час для ліста ці віншавальнай паштоўкі, адрасаваных на “Свабоду”.

Вясёлых усім Каляд і шчасьлівага Новага году!

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG