Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Лукаш Калюга 27.9.1909, в. Скварцы (цяпер Дзяржынскі раён) — 5.10.1937, Чалябінская вобл., Расея.


Уладзімер Арлоў, Менск “Богам дадзены талент”,— сказаў пра яго ў свой час Кузьма Чорны. Высокіх ацэнак заслужыў ён і ў такога аўтарытэта, як Максім Гарэцкі. Як быццам пакепліваючы з гэтага, біябібліяграфічны слоўнік “Беларускія пісьменьнікі” зьмясьціў пра аднаго з найталенавіцейшых нашых празаікаў даваеннага часу Лукаша Калюгу (сапраўднае імя Канстантын Вашына) ці не найменшы 30-радковы артыкульчык — прынамсі, меншы за прысьвечаныя пачаткоўцам.

Надзвычай чуйны да мовы, ён яшчэ ў школе запісваў пачутыя ў родных мясьцінах словы й выразы і пасылаў іх у Інбелкульт. Першае апавяданьне надрукаваў у васямнаццаць.

Жыцьці пісьменьнікаў тады былі неверагодна імклівыя й насычаныя — нібыта прадчуваючы блізкія 30-я, нехта спрэсоўваў пяць гадоў у адзін. Цягам 1928-га часопіс “Узвышша” друкаваў першую аповесьць дзевятнаццацігадовага Калюгі “Ні госьць, ні гаспадар” — пра чалавека, што перастаў адчуваць сябе сваім на сваёй жа зямлі. У наступным годзе ён ужо сябра літаратурнага аб’яднаньня “Узвышша” — поплеч з самімі Чорным, Дубоўкам, Бядулем... У 1931-м — публікацыя аповесьці “Нядоля Заблоцкіх”, адметнай прыёмам гэтак званага міталягічнага рэалізму і — адлічэньне зь пэдтэхнікуму як “узвышанскага лазутчыка і пачынаючага нацдэма”. Праз два гады па яго ўжо прыехаў варанок...

У пяцігадовай высылцы ўва ўральскім Ірбіце Лукаш працягваў пісаць аповесьці — “Зоры Вам Вядомага гораду”, “Дзе косьці мелюць”, “Утрапеньне” (апубл. у 1989) — й узяўся за раман “Пустадомкі”, ня ведаючы, але, магчыма, здагадваючыся, што яны пабачаць сьвет толькі праз паўстагодзьдзя.

У 1935-м яго зноў арыштавалі. Праз два гады куля бальшавіцкага ката спыніла жыцьцё 28-гадовага пісьменьніка, падстрэленага на самым узьлёце.

P.S. Дату сьмерці Л. Калюгі ўдакладніў у сваім энцыкляпэдычным даведніку “Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асьветы, грамадзкія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794—1991” Леанід Маракоў. Ува ўсіх ранейшых даведніках і энцыкляпэдыях яна падаецца памылкова.
XS
SM
MD
LG