Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што ў Беларусі даюць дзяржаўныя прэміі?


Ігар Карней, Менск Традыцыйна ў калядныя дні Аляксандар Лукашэнка ўзнагароджвае штогадовай прэміяй “За духоўнае адраджэньне” рэлігійных і грамадзкіх дзеячаў. Аднак назіральнікі адзначаюць: уганараваньне мае ўсё больш выразны ідэалягічны падтэкст, у той час як вартыя намінанты адсейваюцца яшчэ на стадыі разгляду кандыдатаў. Якія прэміі й за што ўручаюцца? Ці ёсьць аналяг прэміі за духоўнае адраджэньне?

У сьвеце існуюць тысячы міжнародных і нацыянальных прэміяў, якімі за ўнёсак у розныя галіны культуры, навукі, за прасоўваньне новых тэхналёгіяў адзначаюцца лепшыя прадстаўнікі сваёй справы.

Бадай што самыя прэстыжныя ў сьвеце – гэта Нобэлеўскія прэміі. Яны прысуджаюцца ў пяці намінацыях: фізыка, хімія, мэдыцына, літаратура, унёсак у справу міра ва ўсім сьвеце. Сярод ляўрэатаў народжаны ў Беларусі расейскі фізык Жарэс Алфёраў. Намінантамі на Нобэлеўскую прэмію па літаратуры застаюцца Рыгор Барадулін і Сьвятлана Алексіевіч, вылучалі на яе атрыманьне й Васіля Быкава.

Асобна стаяць прэміі, якія штогоду міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі прысуджаюцца вязьням сумленьня, альбо людзям, якія адстойваюць правы чалавека ў сваім рэгіёне. Варта нагадаць, што двойчы ляўрэатамі прэміі Эўрапарлямэнту былі беларусы – Беларуская асацыяцыя журналістаў і Аляксандар Мілінкевіч.

Большасьць краінаў мае свае дзяржаўныя прэміі, што ўручаюцца пераважна раз на два гады.

З набыцьцём Беларусі незалежнасьці лепшых пачалі вылучаць на атрыманьне Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Ад сярэдзіны 1990-х пэўную канкурэнцыю ёй склала прэмія “За духоўнае адраджэньне”, якой пераможцаў узнагароджвае асабіста Аляксандар Лукашэнка. Гэтая прэмія, як адзначаецца ў анатацыі да яе, прысуджаецца за “актыўную дзейнасьць у гуманітарнай сфэры, накіраваную на разьвіцьцё прагрэсіўных мастацка-маральных традыцыяў, ідэяў сяброўства й братэрства паміж людзьмі розных нацыянальнасьцяў і веравызнаньняў”.

Сёньня ў Беларусі статус “дзяржаўных” маюць наступныя прэміі: Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь у галіне навукі й тэхнікі, прэмія ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры, прэмія “За духоўнае адраджэньне”, спэцыяльныя прэміі прэзыдэнта дзеячам культуры і мастацтва, прэзыдэнцкая прэмія “Беларускі спартовы Алімп”.

Практыка паказвае: абысьціся без тэндэнцыйнасьці ў выбары лепшых у беларускіх умовах усё больш складана. Так, пісьменьнік Анатоль Бутэвіч, вылучаны на атрыманьне Дзяржпрэміі два гады таму, наўпрост называе гэта дзяржаўнай авантурай і ня вельмі схільны камэнтаваць сёлетні склад ляўрэатаў прэміі “За духоўнае адраджэньне”.

Бутэвіч: “Паколькі, вы ведаеце, я быў замешаны ў адной з гэтых афэраў некалі, дзяржаўных, таму тут зусім да месца было б сказаць адно – no comment. Перадусім, каб не сказалі, што я пакрыўджаны, неаб’ектыўны ці яшчэ нейкі. Бо ці адны, ці другія абавязкова скажуць, што я ня меў рацыі”.

Паэт Уладзімер Някляеў за савецкімі часамі атрымаў прэмію Ленінскага камсамолу, пасьля здабыцьця незалежнасьці, стаў ляўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Спадар Някляеў мяркуе, што працэдура вылучэньня прэтэндэнтаў за апошні час насамрэч атрымала відавочныя карэктывы.

Някляеў: “Безумоўна, тады таксама глядзелася на магчымыя пэрспэктывы “суладзьдзя з уладай”. Але ўсё ж нешта было і ад кошту зробленага. Нават, памятаю, у маім выпадку ажно тройчы сябры камісіі перагаласоўвалі… Сёньня ўсё зьмянілася ў якім кірунку? Некаму ж трэба даваць, трэба абазначаць, што вартыя ёсьць і ў нашай краіне. Але калі Паўлічэнку даюць прэмію, якую толькі сьвятар можа атрымаць, ну дык пра што можна казаць? Цяжка нейкую лёгіку шукаць ва ўсіх гэтых дзеяньнях. Ўсё – за “верность царю и Отечеству”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG