Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня пачынаецца датэрміновае галасаваньне


Радыё Свабода, Менск Паводле Цэнтрвыбаркаму, на амаль 23 тысячы дэпутацкіх мандатаў прэтэндуюць каля 24 тысяч чалавек. Лічбы сьведчаць, што ў большасьці ўчасткаў выбары ў мясцовыя саветы будуць безальтэрнатыўнымі. Акрамя таго, удзельнікі кампаніі папярэджваюць пра магчымасьць фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня.

Ва ўчастковыя выбаркамы Беларусі ўваходзяць больш як 70 тысяч чалавек. І толькі адзін зь іх -- прадстаўнік палітычнай апазыцыі. Гэта жыхар Воршы, намесьнік старшыні гарадзкой арганізацыі Таварыства беларускай мовы і сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Камароўскі.

Камароўскі: “Сёньня прыкладна ў 9.30 у СШ №8 мы будзем рыхтаваць скрыні для галасаваньня, апячатваць іх. Да 10.00 усё мусіць быць гатова. У 10.00 – першае галасаваньне, калі хто прыйдзе”.

Сумневы наконт актыўнасьці выбарцаў на датэрміновым галасаваньні Мікалай Камароўскі атрымаў у папярэднія кампаніі. Кажа, што праз гэтую форму галасаваньня адбываецца ўціск на пэнсіянэраў, студэнтаў і служачых дзяржаўных установаў. Асабіста Мікалай Камароўскі супраць датэрміновага галасаваньня:

Камароўскі: “Усё-такі можна было б абысьціся без яго. Таму што хацелася б бачыць вынікі адначасова, у адзін дзень. Каб пазьбегнуць махінацыяў”.

Мікалай Камароўскі – настаўнік. Людзей гэтай прафэсіі ад 40 да 60 працэнтаў у кожнай участковай камісіі. Чаму? Разважае настаўніца Ніна Марчук са Слуцка:

Марчук: “Настаўнікаў вылучаюць менавіта таму, што мы вымушаны пагаджацца з парушэньнямі. Усё-такі мы баімся страціць працу. І вось, дарэчы, на нашым участку адбывалася наступнае: за пэўнага кандыдата прагаласавала 700 чалавек, а мусіла быць 400 зь нечым. Таму “лішнія” лісты выдалілі, а дадалі загадзя падрыхтаваныя для другога кандыдата. Калі адна наша настаўніца адмовілася падкладваць такія лісты, то за яе зрабіла гэта дырэктарка”.
XS
SM
MD
LG