Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшаў з друку нямецка-беларускі слоўнік. Праз сорак гадоў


Радыё Свабода, Менск Гэта першае ў гісторыі беларускае лінгвістыкі падобнае грунтоўнае выданьне. Слоўнік рыхтаваўся сорак гадоў. Праца зацягнулася гэтак надоўга найперш з-за таго, што шчырае жаданьне складальнікаў выдаць яго сутыкалася з нежаданьнем тых, хто меў і мае кантроль над друкарскім варштатам.

У сярэдзіне 60-х гадоў мінулага стагодзьдзя малады лексыкограф Уладзімер Марцінеўскі стварыў групу адмыслоўцаў інстытуту замежных моваў з канкрэтнай мэтай – зрабіць нямецка-беларускі слоўнік. Да канца 60-х слоўнік аб’ёмам 25 тысяч словаў быў гатовы. Праўда, толькі на картках . З выдаўцамі адразу ж паўстала праблема. Гаворыць адзін з аўтараў цяперашняга, ужо выдадзенага варыянту слоўніка вядомы перакладчык Лявон Баршчэўскі.

Баршчэўскі: “У Беларусі не знайшлося зацікаўленых установаў ці выдавецтваў. Марцінеўскі езьдіў у Маскву й выдавецтва “Русский язык” прапанавала выдаць гэты слоўнік у сябе, але для гэтага патрэбны быў нейкі заказ зь Беларусі. Міністэрства асьветы Беларусі тагачаснае наадрэз адмовілася заказваць і слоўнік залёг да сярэдзіны 80-х гадоў”.

Калі ў 1985 годзе Лявон Баршчэўскі надрукаваў у ЛіМе вялікі артыкул, у якім даводзіў неабходнасьць мець падобнае выданьне, то адным зь першых, хто адгукнуўся на публікацыю тады асьпіранта інстытуту замежных моваў быў Уладзімер Марцінеўскі. Яны аб’ядналі свае зацікаўленыя намаганьні і цягам трох гадоў дапрацавалі матар’ялы групы Марцінеўскага. У выніку аб’ём рукапісу слоўніка перавысіў 35 тысяч словаў. Але выдаўцоў, гаворыць спадар Баршчэўскі, ізноў не знайшлося.

Баршчэўскі: “Выдавецтва “Беларуская энцыкляпэдыя”, якое бралася выдаваць, сказала, што зараз вось ня час, трэба пару гадоў пачакаць – няма грошай, а гэта дарагое выданьне. Але Барыс Сачанка, які быў тады кіраўніком гэтага выдавецтва, цьвёрда абяцаў, што ён выдасьць. Але ў 93 годзе памёр Марцінеўскі, а ў 95 – Сачанка”.

Час ішоў і справа слоўніка перайшла ў рукі дацэнта цяпер ужо лінгвістычнага ўнівэрсытэту Мікалая Кур’янкі, які з новым пакаленьнем калегаў дапрацаваў і дапоўніў рукапіс на 15 тысяч словаў. Але самае галоўнае, што ён дапасаваў слоўнік да сучаснага нямецкага правапісу. Пасьля чаго была зробленая спроба выдаць слоўнік у лінгвістычным унівэрсытэце, але сродкаў тады не хапіла.

І вось выдавец Зьміцер Колас выдаў гэтую саракагадовую працу не аднаго пакаленьня навукоўцаў. У дзяржавы грошай на яе выданьне не знайшлося.

Нагадаем, што некалькі месяцаў таму менавіта Зьміцер Колас выдаў і першы ў гісторыі айчыннае лінгвістыкі фундамэнтальны ангельска-беларускі слоўнік. У плянах выдаўца францускі, гішпанскі ды іншыя перакладныя на нацыянальную мову слоўнікі, якіх дагэтуль ня мае сувэрэнная Беларусь.
XS
SM
MD
LG