Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нафтавы канфлікт: кнопка помпавага агрэгату знаходзіцца на тэрыторыі Расеі


Радыё Свабода Сёньня ў Гомелі на афіцыйнай прэсавай канфэрэнцыі дырэктар прадпрыемства “Гомельтранснафта “Дружба” заявіў, што расейскі бок, пачынаючы зь сямі гадзінаў раніцы, тройчы спыняў перапампоўку нафты.

Касьцючэнка: “Тройчы спынялася перакачка нафты расейскім бокам. Мы гатовы сёньня, і пастаянна пацьвярджалі сваю гатовасьць, забясьпечыць устойлівую работу сыстэмы. А ўстойлівасьць сыстэмы пры цяперашніх рэжымах – гэта прыкладна 220-230 тысячаў тон у напрамку Ўкраіны й Польшчы”.

Паводле кіраўніка “Гомельтранснафта “Дружба”, нафтаправод працаваў устойліва, і няма падставаў абвінавачваць беларускую кампанію, ейных спэцыялістаў у тым, што па віне беларускага боку спынена перапампоўка нафты.

“Мы пастаянна знаходзімся ў кантанце з “Бранскімі магістральнымі нафтаправодамі” – нашымі бліжэйшымі партнэрамі ў Расеі, далі свае ўзгадненьні, тэлеграмы пра гатовасьць уключыць у работу сыстэмы й забясьпечыць безаварыйную надзейную прапампоўку тых аб’ёмаў, якія называе расейскі бок”, – заявіў дырэктар “Гомельтранснафта “Дружба” спадар Касьцючэнка.

“Кнопка помпавага агрэгату, які павінен падаваць нафту нам, знаходзіцца ў цяперашні час на тэрыторыі нашай саюзнай дзяржавы – Расеі ”, сказаў прысутны на прэсавай канфэрэнцыі намесьнік старшыні канцэрну “Белнафтахім” Уладзімер Волкаў.

Было заяўлена таксама, што расейскі бок запрапанаваў сумесна разгледзець канфліктнае пытаньне, каб у хуткім часе аднавіць перапампоўваньне нафты.
XS
SM
MD
LG