Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне: чым скончыцца гандлёва-энэргетычны канфлікт з Расеяй?


Іна Студзінская, Менск “Чым, на вашу думку, можа скончыцца беларуска-расейская гандлёвая вайна?” На гэтае пытаньне адказвалі мінакі на плошчы Перамогі беларускай сталіцы.

Спадар: “З рэнтабэльнасьцю “Газпрому” 120% ставіць у такое становішча краіну, якая пачала разьвівацца, – гэта злачынства. Ну, блін, нейкія 4 мільярды для Расеі! А мы выжывем – беларусы ганарлівыя!”

Спадар: “Навучымся самі гаспадарыць, урэшце. Пара ўжо!”

Юнак: “У любым выпадку, адносіны паміж Беларусьсю і Расеяй ужо ня будуць такімі, як раней”.

Спадарыня: “Раз “Газпром” зьяўляецца манапалістам, нічым добрым для Беларусі гэта ня скончыцца. Адносіны сапсуюцца канчаткова, таму што канфлікт з “Газпромам” прывёў да канфлікту з нафтай, цукрам. Стасункі пагоршацца”.

Спадар: “Нармальна ўсё скончыцца. Мы ж – братнія народы: не павінны адзін аднаму процістаяць”.

Юнак: “Беларусь чакаюць вялікія праблемы ў будучым. У такую позу станавіцца ня варта беларускім палітыкам, бо Расея можа вельмі добра нас прыціснуць у эканамічным пляне. А наш прэзыдэнт будзе стаяць на сваім. Таму нас чакаюць праблемы сур’ёзныя”.

Спадар: “Ня ведаю. Не цікаўлюся палітыкай”.

Дзяўчына: “Мы ўступім у Саюз з Расеяй – гэтым усё скончыцца. Хутка Лукашэнку скінуць – і ўсё!”

Юнак: “Пакуль жа гэта не адбілася на нас – правільна?”

Спадар: “Нічым добрым для нас гэта ня скончыцца. Пачынаюцца нейкія незразумелыя міжусобіцы”.

Дзяўчына: “Усё будзе добра. Ня першы раз такое, і не апошні”.

Юнак: “Калі мы аб’яднаемся ў Саюзную дзяржаву, то цэны, мне падаецца, застануцца ранейшымі”.

Спадар: “Як гэта ні банальна, скончыцца татальным падаражаньнем. Як за камунальныя паслугі будзем плаціць больш, так і на прадуктах гэта адаб’ецца. Як бы ні клялася дзяржава, што на насельніцтве гэта не адаб’ецца, наступствы будуць вельмі сумныя”.

Юнак: “Хутчэй за ўсё, за Расеяй будзе апошняе слова. Бо краіна ж больш магутная за нашу. Ізаляцыя, іншыя канфлікты...”

Дзядок: “Я думаю, нармальна вырашыцца. Калі беларускі ўрад пойдзе на саступкі”.

Юнак: “Нічым добрым ня скончыцца. Я сам з Украіны – я ведаю”.

Юнак: “А я з Туркмэністану. Сябруйце з намі, у нас шмат газу. Добрыя стасункі з Туркмэністанам трымайце: у нас газ таньнейшы”.

Дзяўчына: “Я думаю, усё будзе нармальна. Беларусь і Расея – славянскія братнія краіны: яны ня могуць сварыцца”.

Спадарыня: “Гэты канфлікт можа скончыцца ня вельмі добра для Беларусі”.

Дзяўчына: “Мы спадзяёмся, канфлікт гэты скончыцца тым, што ў нас будзе новы прэзыдэнт”.

Спадар: “Нічым добрым для нас. Усё будзе даражаць”.

Спадар: “А нічым. Пабунтуюць – і супакояцца”.

Дзядок: “Сонца ўзыдзе, бульба ўродзіць, як казаў наш бацька, зямлянкі выкапаем…”

Спадар: “Я веру ў добрыя залежы сваёй нафты, беларускай. Знайшлі ж першыя радовішчы на маёй роднай Гомельшчыне. Спадзяюся, што там яшчэ іх шмат”.
XS
SM
MD
LG