Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Шаронаў: “Любыя перамовы могуць пачацца толькі пасьля безумоўнай адмены Беларусьсю транзытнага мыта”


Алесь Дашчынскі, Менск Статс-сакратар, намесьнік міністра эканамічнага разьвіцьця і гандлю Расеі Андрэй Шаронаў пракамэнтаваў у інтэрвію “Свабодзе” цяперашні нафтавы канфлікт зь Беларусьсю.

Адносна спыненьня транзыту нафты ў Нямеччыну, Украіну і Польшчу Андрэй Шаронаў сказаў:

Шаронаў: “Сапраўды, расейская кампанія “Транснефть” спыніла сёньня ў 7.50 раніцы пастаўкі нафты ў трубаправод. Кампанія зрабіла гэта ў адказ на скарачэньне паставак з тэрыторыі Беларусі празь мяжу ў трэція краіны гэтых аб’ёмаў нафты. Гэта значыць, прадстаўнікі кампаніі “Транснефть”, якія сядзяць на беларуска-польскай мяжы на пераходах, праінфармавалі кіраўніцтва кампаніі, што беларускі бок пасьлядоўна скарачаў ажно да нулю транзыт нафты ў Эўропу. Нафту назапашвалі пад выглядам накладаньня арышту на яе ў зьвязку з увядзеньнем незаконнага, на наш погляд, транзытнага мыта за перапампоўку нафты. Пасьля гэтага кіраўніцтва “Транснефти” вырашыла прыпыніць пастаўку нафты на расейска-беларускай мяжы ў сувязі з тым, што яна незаконна забіраецца і не даходзіць да эўрапейскіх кліентаў расейскіх нафтавых кампаній. Гаворка вядзецца ўжо пра аб’ём незаконна адабранай беларускім бокам нафты да 100 тысяч тон”.

Спадар Шаронаў заявіў, што расейскі бок спадзяецца на канструктыўнае ўрэгуляваньне канфлікту, “без разьвязаньня гандлёвай вайны паміж дзьвюма краінамі, якія не адмовіліся ад стварэньня саюзнай краіны”. Як можа рэагаваць Расея на дзеяньні Беларусі?

Шаронаў: “Мы лічым, што любыя перамовы могуць пачацца толькі пасьля безумоўнай адмены Рэспублікай Беларусь уведзенага транзытнага мыта. Гэта ўмова пачатку любых перамоў. Што да сустрэчных захадаў, то гэта ўжо фактычна абвяшчэньне гандлёвай вайны, і гэтыя захады могуць нэгатыўна адбіцца на эканоміках абедзьвюх краін”.

Са слоў Андрэя Шаронава, віцэ-прэм’ер Беларусі Кабякоў гатовы заўтра выехаць у Маскву для перамоў. Але канчатковае рашэньне пра пазыцыю расейскага ўраду на перамовах і гатовасьць да гэтых перамоў будзе прымацца сёньня, пазьней, кіраўніцтвам расейскага ўраду.

Спадар Шаронаў таксама заявіў, што ўвядзеньне расейскім бокам экспартнага мыта 180 даляраў за тону ёсьць вынікам невыкананьня беларускім бокам з 1998 году ўмоў падзелу экспартнага мыта. Паводле Андрэя Шаронава, увесь звышпрыбытак беларускі бок прысвойваў, пачынаючы з 1998 году.

Пра пэрспэктыву мытнага саюзу паміж Беларусьсю і Расеяй спадар Шаронаў сказаў:

Шаронаў: “Я не магу цяпер рабіць доўгатэрміновых высноў, бо вялікая колькасьць фактараў уплывае на пасьпяховую дзейнасьць Мытнага саюзу. Але дзеяньні Рэспублікі Беларусь, канечне, перашкаджаюць разьвіцьцю сытуацыі вакол Мытнага саюзу і саюзнай дзяржавы”.
XS
SM
MD
LG