Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскія экспэрты: Беларусь з часам мусіць саступіць ціску Масквы


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы спыненьне паставак нафты праз нафтаправод “Дружба” выклікала сур’ёзную занепакоенасьць. Польскія ўлады кажуць, што ані беларускі, ані расейскі бок дагэтуль афіцыйна не патлумачылі Варшаве прычынаў спыненьня паставак.

Перабоі ў пастаўках у Польшчу нафты праз нафтаправод “Дружба” пачаліся ў нядзелю каля 23-й гадзіны паводле менскага часу, а а шостай раніцы сёньня пастаўкі увогуле спыніліся. У Варшаве гэта выклікала сур’ёзную занепакоенасьць – празь Беларусь ідзе практычна 100% нафты, якую спажывае польская гаспадарка.

Апоўдні ў міністэрстве эканомікі Польшчы была скліканая адмысловая прэсавая канфэрэнцыя, у часе якой намесьнік міністра Пётр Наімскі заявіў, што польскі бок ня быў папярэджаны пра спыненьне паставак і ня мае інфармацыі пра тое, як доўга гэта будзе працягвацца.

(Наімскі: ) “Беларускага амбасадара на ягоную просьбу прынялі прадстаўнікі міністэрства эканомікі. Ён прадставіў пазыцыю МЗС Беларусі, у якой гаворыцца, што пастаўкі нафты працягваюцца. Але ж мы добра ведаем, што нафты няма!”

Міністар Наімскі заявіў, што “Польшча мае справу практычна з закрыцьцём крану”, – польскія нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы рыхтуюцца працы ва ўмовах зьмяншэньня паставак сыравіны. Акрамя ўласных запасаў гэтых прадпрыемстваў, краіна мае таксама стратэгічны запас нафты на 80 дзён – гэтага часу хопіць, каб калі будзе неабходна, перайсьці на пастаўкі нафты марскім шляхам.

Між тым, паводле польскіх адмыслоўцаў, цяперашні беларуска-расейскі канфлікт можна назваць сур’ёзным, але Менск, хутчэй за ўсё, будзе вымушаны саступіць, бо Масква мае шмат магчымасьцяў ціску на Беларусь. Вось што думае Томаш Хмаль – экспэрт ў справах паліўнага рынку Інстытуту Сабескага:

(Хмаль: ) “Вельмі вялікая колькасьць расейскай нафты ідзе праз Беларусь – гэта вялізныя грошы, і Масква будзе моцна ціснуць на Менск, так што з часам Беларусі прыйдзецца саступіць”.
XS
SM
MD
LG