Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Транзытныя пастаўкі расейскай нафты празь Беларусь спынены


Валер Каліноўскі, Менск Паводле афіцыйнай беларускай інфармацыі, спыненьне паставак расейскай нафты празь беларускую тэрыторыю ва Ўкраіну, Польшчу і Нямеччыну адбылося сёньня а 8-й гадзіне раніцы не зь віны беларускага боку. Між тым, супрацоўнікі дзяржаўнага прадпрыемства “Гомельтранснафта “Дружба” прычынай спыненьня называлі распараджэньне кіраўніцтва канцэрну “Белнафтахім”. Тым часам расейская кампанія “Транснефть” абвінаваціла Беларусь у несанкцыянаваным адборы нафты з 6 студзеня.

Афіцыйна спыненьне паставак расейскай нафты ў Эўропу праз нафтаправод “Дружба” было прызнана беларускім бокам бліжэй да абеду. Да гэтага часу ва ўрадавых структурах устрымліваліся ад камэнтаваньня. Прэсавы сакратар МЗС Андрэй Папоў заявіў, што Беларусь не спыняла перапампоўваньня расейскай нафты, і ціск на ўваходзе нафтаправоду “Дружба” быў паніжаны не зь віны беларускага боку.

Між тым, яшчэ раніцай галоўны інжынэр РУП “Гомельтранснафта “Дружба” Аляксандар Бардоўскі паведаміў “Свабодзе”, што цалкам перапампоўваньне расейскай нафты ў Польшчу і Нямеччыну ня спынена:

Бардоўскі: “Так, некаторае памяншэньне адбылося. Такое распараджэньне даў канцэрн “Белнафтахім”.

Які дакладна аб’ём нафты не падаецца ў Польшчу і іншыя краіны, спадар Бардоўскі сказаць ня змог:

Бардоўскі: “Сытуацыя пастаянна мяняецца: раніцай была адна, цяпер – іншая. Так што адразу канкрэтна вам сказаць не магу”.

На пытаньне, ці не зьвязана такое рашэньне зь беларуска-расейскай спрэчкай вакол мытаў на нафту, спадар Бардоўскі адказаў:

Бардоўскі: “Увогуле я чалавек тэхнічны... Але думаю, што, відаць, зьвязана”.

Тым часам у канцэрне “Белнафтахім” аспрэчылі, што яны давалі нейкае распараджэньне аб спыненьні паставак расейскай нафты па трубаправодзе “Дружба”. Гаворыць начальнік управы канцэрну Мікалай Даўгапалец:

Даўгапалец: “Мы ні пра што такое не распараджаліся. Гэта я вам кажу аўтарытэтна. Рэспубліка Беларусь ніякіх такіх рашэньняў не ўхваляла”.

Пазьней зьявілася заява кіраўніка расейскай кампаніі “Транснефть” Сямёна Вайнштока, што ад 6 студзеня Беларусь несанкцыянавана адабрала з нафтаправоду “Дружба” амаль 80 тысяч тон нафты, якая пампавалася ў Эўропу. Спадар Вайншток заклікаў Беларусь “вярнуцца ў рэжым выкананьня міжнародных норм і правілаў, які выключае ўжываньне дыскрымінацыйных захадаў адносна транзытных паставак”.

Аднак кіраўнік аб’яднаньня “Гомельтранснафта “Дружба” Аляксей Касьцючэнка ўсклаў адказнасьць за спыненьне паставак расейскай нафты на Расею, якая, нібыта, сама спыніла перапампоўваньне нафты эўрапейскім спажыўцам.

Расея не зацікаўлена губляць беларускі транзыт нафты – перакананая менскі экспэрт у нафтавай галіне Тацяна Манёнак:

Манёнак: “Сказаць, што сёньня Расея можа знайсьці выйсьце ці адмовіцца да беларускага транзыту, – складана. Я думаю, гэта немагчыма. Таму што гэта вельмі выгодны транспартны калідор: беларуская сыстэма нафтаправодаў вельмі надзейная, знаходзіцца ў добрым тэхнічным стане”.

Беларусь перапампоўвае палову расейскай экспартнай нафты – каля 100 мільёнаў тон на год.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG