Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму кіраўніцтва Беларусі абвастрае канфлікт з Расеяй?


Валер Карбалевіч, Менск Новая пералача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Эфір 4 студзеня. Удзельнікі: журналістка газэты “Белорусы и рынок” Тацяна Манёнак зь Менску і рэдактар аналітычнага бюлетэню кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.

Валер Карбалевіч: “З падпісаньнем газавых кантрактаў здавалася, што беларуска-расейскі канфлікт разьвязаны. Але ўчорашнія заявы й даручэньні Лукашэнкі сьведчаць пра тое, што ўсё толькі пачынаецца.

Беларусь выказвае відавочную незадаволенасьць газавымі пагадненьнямі ды ідзе на эскаляцыю канфлікту. Чаму? Здавалася б, умовы, на якіх былі дасягнутыя дамовы 31 сьнежня, не такія ўжо і дрэнныя для Беларусі. Цана газу 100 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў — гэта менш, чым 200, на якой увесь год настойваў “Газпром”. Цана 50% акцыяў “Белтрансгазу” таксама амаль беларуская, прычым палова акцыяў пераходзіць расейскай кампаніі толькі праз чатыры гады. Нарэшце Расея пагадзілася перагледзець пастанову ўраду аб увядзеньні нафтавага мыта для Беларусі.

Таму ўзьнікае пытаньне: навошта Лукашэнка вылучае новыя патрабаваньні Расеі, якія парушаюць усе двухбаковыя дамовы — і пра вайсковыя базы, і пра ўмовы транзыту нафты, газу?”

Тацяна Манёнак: “Для Беларусі нафтавае пытаньне яшчэ больш балючае, чым газавае. Яно мела яшчэ большае значэньне для таго “беларускага эканамічнага цуду”, які трымаўся на танных расейскіх энэргарэсурсах.

Беларускае кіраўніцтва сумняваецца, што нафтавае пытаньне вырашыцца хутка. Таго запасу нафты на беларускіх нафтаперапрацоўчых заводах (НПЗ) хопіць прыкладна на два тыдні. А ў Расеі цяпер калядныя канікулы. Масква вырашыла вельмі балючае для яе газавае пытаньне, а нафтавае пытаньне — не такое балючае. Таму можна пачакаць і гандлявацца.

Сумнеўна, што Масква пагадзілася б на перадзел нафтавых мытаў у прапорцыі 50% на 50%, як прапануе беларускі бок. Хутчэй гэта будзе 80% на 20% — на карысьць Расеі.

Масква ўвяла нафтавыя мыты для Беларусі, каб падштурхнуць Менск хутчэй разгледзець газавае пытаньне. Там разумеюць, дзе балючае месца Беларусі, таму туды і ціснуць. Як бачым, гэта спрацавала. І паводле словаў Лукашэнкі, ён даў згоду на падпісаньне газавых кантрактаў пры ўмове, што Масква перагледзіць сваё рашэньне па нафце. Хутка непазьбежна паўстане пытаньне аб прыватызацыі беларускіх НПЗ расейскім капіталам.

Увядзеньне беларускім урадам мытаў на транзытную расейскую нафту — спосаб падштурхнуць Расею да перагляду рашэньня аб нафтавых мытах для Беларусі”.

Аляксандар Класкоўскі: “У апошніх заявах спадара Лукашэнкі моцны піяр-складнік. Усе зьвярнулі ўвагу, што зроблены моцны мэсыдж Расеі. Але тут ёсьць таксама выразны пасыл уласнаму электарату. Заўважце, што ўся адказнасьць за магчымае пагаршэньне ўзроўню жыцьця ў Беларусі перакладзеная на ўрад.

Зь іншага боку, ён бярэ на сябе гераічную місію абароны айчыны ад прагнай імпэрыі. І народ павінен запомніць, што прэзыдэнт да апошняга бараніў інтарэсы Беларусі, а бяздарны ўрад усё праваліў”.

Карбалевіч: “Сапраўды, Лукашэнка ўвесь час цьвердзіў, што цэны на газ для Беларусі павінны быць унутрырасейскія. У выніку Лукашэнка саступіў, бо падпісаў кантракт з цэнамі ўдвая вышэйшымі — і значыць, праявіў слабасьць. І вось цяпер імкнецца даказаць, што ён моцны, таму й выстаўляе такія патрабаваньні да Расеі.

Вось Беларусь ужо ўвяла мыта на расейскую нафту, якая перакачваецца празь Беларусь: 45 даляраў за тону. Колькі расейскай нафты ідзе празь беларускую тэрыторыю? Што гэта азначае для Расеі, Эўропы? Якія наступствы гэта можа мець?”

Манёнак: “Праз тэрыторыю Беларусі пракладзеныя два нафтаправоды пад назвай “Дружба”. Паўночная наваполацкая “Дружба” да ліпеня мінулага году транспартавала нафту ў Літву. І вось зь ліпеня паводле палітычнага рашэньня расейскія кампаніі спынілі транзыт праз гэты нафтаправод.

А вось праз паўднёвы гомельскі нафтаправод “Дружба” нафта ідзе ў Польшчу, Нямеччыну, Чэхію й Славаччыну. Апэратарам нафтаправоду зьяўляецца расейская кампанія “Транснафта”.

Увядзеньне беларускім урадам мыта на транзыт расейскай нафты супярэчыць міжнародным нормам. Беларускія ўлады спасылаюцца на “Энэргетычную хартыю”, якую наша краіна падпісала ў 1998 годзе, але не ратыфікавала. Але насамрэч гэты дакумэнт не прадугледжвае такіх захадаў.

Магчыма, было б правільней падвысіць кошт транзытнай стаўкі на перакачваньне нафты. Яна цяпер складае каля 1 даляра за тону і ўжо дзесяць гадоў не мянялася, умовы пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь былі вельмі выгадныя. Калі палічыць, памножыць 45 даляраў на прыкладна 80 мільёнаў тон, якія перапампоўваюцца празь Беларусь, то будзе сума, якую наша краіна страчвае ад увядзеньня Расеяй нафтавага мыта для Беларусі. Гэтак Менск дае зразумець Маскве: калі вы зробіце крок назад, дык мы таксама зробім крок назад.

Расейскія кампаніі аказваюцца ў бязвыхаднай сытуацыі. Яны ня могуць перакачаць такой колькасьці нафты празь іншыя нафтаправоды. А кантракты выконваць трэба. І цяпер яны будуць вымушаныя ціснуць на расейскі ўрад, каб той знайшоў кампраміс зь Беларусьсю. Магчыма, на гэта й разьлічваў Менск, калі прымаў рашэньне пра гэтае мыта.

Праз тэрыторыю Беларусі дасюль ішло каля 70% экспарту расейскай нафты ў Эўропу. Тут кароткае транспартнае плячо, танныя выдаткі на транзыт. І труба ў добрым тэхнічным стане. Іншая нафта ў Эўропу ідзе праз Украіну, а таксама праз Балтыйскую трубаправодную сыстэму, якую пабудавалі ў канцы мінулага году праз Балтыйскае мора (празь яе можна перакачаць каля 75 мільёнаў тон)”.

Класкоўскі: “Сапраўды, калі палічыць прыбыткі ад новага мыта, то атрымліваецца каля 3 мільярдаў даляраў. Але я думаю, гэта зроблена, каб напалохаць Маскву — і каб тая адкруціла назад сваё рашэньне аб увядзеньні нафтавага мыта”.

Карбалевіч: “Тут згадвалі, што гэтую плату, 45 даляраў, цяжка называць мытам. Гаворка пра тавар іншай краіны, які ідзе транзытам празь Беларусь. Магчыма, гэта можна назваць дадатковым коштам транзытнай стаўкі? Прычым Беларусь уводзіць яе ў аднабаковым парадку, мінулай датай. Ці варта ўвогуле было прымаць такія захады, пакуль не праведзеныя новыя перамовы з Расеяй пра падзел нафтавага мыта? Мо варта было пачакаць, пакуль гэтыя перамовы закончацца, паглядзець на вынік — і тады, калі яны для Беларусі былі б нездавальняючыя, уводзіць гэтую новую плату на нафтавы транзыт? А цяпер Расея можа адмовіцца ўвогуле весьці такія перамовы, адмяняць адпаведную пастанову расейскага ўраду. У выніку Беларусь ад гэтых захадаў можа больш страціць, чым атрымаць”.

Манёнак: “Цяпер мяч на баку Расеі. Там павінны прыняць палітычнае рашэньне. А Беларусі патрэбная іншая палітыка. Дзіўна, што толькі ўчора Лукашэнка даў загад падлічыць усе страты Беларусі ад паслугаў, якія яна аказвае Расеі (транзыт, уласнасьць і іншае). Гэта ўсё трэба было рабіць раней і пакласьці на стол перамоваў.

Замест будаўніцтва нейкай саюзнай дзяржавы, у выніку якога пачалася гандлёвая вайна, трэба было будаваць нармальныя празрыстыя рынкавыя дачыненьні”.

Класкоўскі: “Гэтыя захады беларускага боку не эканамічныя, а выключна палітычныя. Гэта тое, што бальшавікі называлі “Наш адказ Чэмбэрлену”. Разьлік на тое, што такі ашаламляльны ўдар прымусіць Расею пайсьці на кампраміс у нафтавым пытаньні.

Бо беларускаму боку няма чаго траціць, хутка могуць спыніцца два НПЗ. Каб былі празрыстыя рынкавыя дачыненьні паміж краінамі, дык увогуле не ўзьнікала б такіх калізіяў”.

Карбалевіч: “Такім чынам, Беларусь ідзе на абвастрэньне дачыненьняў з Расеяй. Зусім не відавочна, што беларускі бок ад гэтай эскаляцыі атрымае эканамічныя дывідэнды. Але верагоднай ахвярай гэтага канфлікту можа стаць праект саюзнай дзяржавы, увогуле беларуска-расейскія дачыненьні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG