Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Большасьць апазыцыйных кандыдатаў будзе ўдзельнічаць у выбарах


Альгерд Невяроўскі, Менск Каля 150 апазыцыйных актывістаў працягваюць удзельнічаць у выбарчай кампаніі. Гэта і партыйныя вылучэнцы, і тыя, хто вылучаліся шляхам збору подпісаў. Партыйныя лідэры цьвердзяць, што галоўная задача кандыдатаў — сустракацца з выбарцамі і даносіць да іх альтэрнатыўную інфармацыю.

Найбольшую колькасьць кандыдатаў цяпер мае Аб’яднаная грамадзянская партыя – 58 чалавек. Большасьць іх вылучалася шляхам збору подпісаў выбарцаў. Лідэр АГП Анатоль Лябедзька балятуецца ў Менскі гарсавет. Вось як ён тлумачыць далейшы ўдзел сябраў АГП у выбарах:

Лябедзька: “Мы ніколі ня ставілі ў парадак дня пытаньня зьняцьця. Мы такое разглядалі толькі ў выпадку, калі нам не дадуць мажлівасьці выступіць па радыё, правесьці сустрэчы ці надрукаваць інфармацыйныя матэрыялы. Таму пытаньня зьняцьця кандыдатураў у нас няма. Думаю, калі б мы гэта зрабілі, то ў Менску, Гародні альбо іншай мясьціне ўлады наладзілі б банкет і выпілі па кілішку -- за тое, што мы палегчылі ім жыцьцё”.

У выбарах таксама працягваюць удзельнічаць каля 40 сябраў партыі БНФ. Гаворыць намесьнік старшыні гэтай партыі Віктар Івашкевіч:

Івашкевіч: “Усе цалкам здымацца ня будуць. Прынята рашэньне выкарыстаць кампанію, наколькі гэта магчыма. А раз зьняцьцё ў апошні момант мае наступствамі выплату грошай за выкарыстаныя ў часе кампаніі дзяржаўныя сродкі, то мы людзей заклікаем не здымацца, а правесьці, як магчыма, агітацыю. Што тычыцца працэсу галасаваньня і назіраньня за ім, – мы гэта ігнаруем”.

Кандыдатамі быў зарэгістраваны 71 актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Грамада. Працягваюць барацьбу трохі больш за 30 чалавек. Гаворыць выканаўца абавязкаў старшыні партыі Анатоль Ляўковіч:

Ляўковіч: “ У нас было прынята рэкамэндацыйнае рашэньне. Таму людзі зьняліся. Ну, а хто ня зьняўся, -- і дзякуй Богу. Хай ідуць да канца. Улёткі, якія яны парабілі, разьнясуць за казённы кошт”.

Цэнтральны камітэт Партыі камуністаў беларускай таксама рэкамэндаваў сваім сябрам паздымаць кандыдатуры. Але ёсьць прыкладна каля 10 кандыдатаў, якія гэтага рабіць ня будуць. Паводле першага сакратара ПКБ Сяргея Калякіна, гэта пераважна людзі, якія маюць рэальную магчымасьць атрымаць дэпутацкі мандат.

Кандыдатамі застаюцца і 11 сябраў Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады. Са слоў старшыні партыі Станіслава Шушкевіча, адзін кандыдат будзе да канца змагацца за мандат, іншыя 10 чалавек, магчыма, здымуць свае кандыдатуры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG