Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Аляксей Логвін 26.2.1934, в. Збляны (цяпер Лідзкі раён) — 12.1.2004, Ліда.


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Сямнаццацігадовым ён атрымаў 10 гадоў канцлягераў. Астатнім, паўналетнім, суд адмераў па чвэрці стагодзьдзя. З гледзішча савецкага правасудзьдзя яны зьдзейсьнілі жудаснае злачынства — стварылі падпольную школьную арганізацыю на чале з камсоргам.

Аляксей Логвін і яго сябры, гэтыя яшчэ хлапчукі зь Ліды, не выступалі супроць савецкай улады і Леніна лічылі амаль што сьвятым. Але іхнія душы не маглі прыняць рэчаіснасьці зь яе хлусьнёй пра шчасьлівае жыцьцё, за якой хаваліся прыгонны калгасны прымус і арышты знаёмых і сваякоў. Юныя нелегалы ставілі задачу выхоўваць моладзь у антысталінскім духу. Плянавалася наладзіць сувязь зь мясцовым ксяндзом, а таксама зь Югаславіяй, бо тая пачала праводзіць незалежную ад Масквы палітыку.

На адпаведным узроўні знаходзілася і кансьпірацыя. Сярод сяброў арганізацыі былі два хлопцы, чые бацькі, як потым выявілася, мелі беспасярэднія сувязі з МГБ. Гэтыя двое трымалі “органы” ў курсе ўсіх справаў (а пазьней, дарэчы, і самі сталі афіцэрамі ўсемагутнага ведамства).

Падлетка Аляксея арыштоўвалі чацьвёра. Падчас сьледзтва яго ня білі. Відаць, таму, што сьледчы вучыўся ў вячэрняй школе, і Логвін рашаў яму матэматычныя задачы.

У першым лягеры для непаўналетніх ў Мардовіі ён зьвярнуў увагу на тое, што сядзяць адны палітычныя і зусім мала расейцаў. Сьмерць Сталіна зняволеныя, як згадваў Аляксей, адзначалі, як сапраўднае сьвята.

Аднак першая амністыя закранула адно тых, хто меў тэрміны, меншыя за пяць гадоў. Логвіна перавялі ў сібірскі Камышляг на будаўніцтва нафтаперапрацоўчага заводу. Праз тыдзень працы ён ужо ня мог хадзіць, і карцэр здаваўся паратункам. У 1954-м Аляксей адседзеў, дарэчы, у карцэры 54 дні й ночы...

На схіле дзён ён прызнаваўся, што як не шкадаваў пра свой удзел у падпольнай арганізацыі пры арышце, так ані не раскаяўся і пасьля ўсяго перажытага.
XS
SM
MD
LG