Лінкі ўнівэрсальнага доступу

К.Затулін: "Xочаце цэны Смаленскай вобласьці — будзьце Смаленскай вобласьцю"


Алесь Дашчынскі, Менск Дырэктар інстытуту краінаў СНД, расейскі дэпутат Канстанцін Затулін мяркуе, што Расеі ёсьць чым адказаць на ўвядзеньне беларускім бокам мыты на транзыт нафты.

На тое, што газавы канфлікт перарос у нафтавы, спадар Затулін заявіў.

Затулін: "Беларускі бок мог бы ацаніць той факт, што пры агульным падвышэньні цэн на ўсёй прасторы СНД для Беларусі цана на газ вырасла ў меншай ступені. Але беларускае кіраўніцтва з сваіх прычынаў ня стала гэта ацэньваць. Беларускае кіраўніцтва згадала пра саюзную дзяржаву й згадвае пра яе шторазу, калі гаворка заходзіць пра правілы гаспадараньня, якія выгадныя беларускаму боку.

Цяжка судзіць кіраўніцтва Беларусі, што яно шукае выгады для сябе й для Беларусі. Але якія могуць быць прычыны для асуджэньня Расеі, якая хоча атрымаць ад нафты й газу тое, што прывыкла атрымоўваць цяпер ад усялякага іншага свайго суседа?

У гэтай гісторыі зьнікае сама ідэя саюзнай краіны. У такой сытуацыі канфлікту будаўніцтва саюзных структураў малаверагоднае.

Узьнікае пэўнае ўражаньне, што з дапамогай станка, на якім друкуюцца грошы, з дапамогай розьніцы цэнаў газавых і нафтавых беларускі бок дагэтуль шчыра разьвязваў свае эканамічныя праблемы. Мы ня супраць, каб Беларусь жыла й разьвівалася, яе эканоміка паказвала высокія тэмпы разьвіцьця, але гэта павінна адбывацца бяз стратаў для расейскага боку. Калі хочаце мець цэны на ўзроўні Смаленскай вобласьці — будзьце Смаленскай вобласьцю...

Выглядае, калі тычыцца прывілеяў з боку Расеі, беларускі бок згадвае пра саюзную краіну. А калі гаворка ідзе пра неабходнасьць стварэньня саюзных структураў, ён кажа пра захаваньне сувэрэнітэту.

На жаль, уражаньне такое, што беларускаму кіраўніцтву ў ідэалягічных, прапагандысцкіх мэтах выгадней ствараць вобраз сквапнай Расеі, якая ня цэніць дружбы зь Беларусьсю. Ім выгадней тлумачыць будучыя цяжкасьці ў сваёй эканоміцы менавіта вось гэткімі паводзінамі Расеі. А цяжкасьці ў беларускай эканоміцы могуць мець іншы, зусім аб’ектыўны характар".
XS
SM
MD
LG