Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчу і Нямеччыну перастала паступаць нафта (абноўлены)


Радыё Свабода Міністэрства эканомікі Польшчы заявіла, што спыненьне паставак зьвязанае з расейска-беларускім канфліктам у справе коштаў на нафту.

"Пастаўкі нафты па нафтаправоду "Дружба" ў Польшчу і Нямеччыну былі спыненыя ноччу. Мы накіравалі ліст ў Беларусь з просьбай пра тлумачэньні. На дадзены момант мы ня ведаем, чаму былі спыненыя пастаўкі", — паведаміў агенцтву "Reuters" прэсавы сакратар польскага апэратару трубаправодаў PERN Тамаш Закржэўскі.

"Наколькі нам вядома, гэта зьвязана са спрэчкай паміж Расеяй і Беларусьсю," — сказаў намесьнік міністра эканомікі Польшчы Пётар Наімскі тэлеканалу TVN24.

Паводле Пятра Наімскага, перабоі пачаліся каля 22 гадзіны ў нядзелю, потым нафта некалькі гадзінаў паступала ізноў, а ноччу пастаўкі былі цалкам спыненыя. Пётар Наімскі заявіў: “Мы маем дачыненьне практычна з закрыцьцём крану”. Але, паводле ягоных словаў, падставаў для панікі няма – акрамя ўласных запасаў краіна мае таксама стратэгічны запас нафты, якога хопіць на 80 дзён.

Сябра Эўрапейскай камісіі ў справах энэргіі Андрыс Пебалгс заявіў, што "ня бачыць непасрэднай небясьпекі" для краінаў Эўразьвязу ў сувязі са спыненьнем паставак расейскай нафты праз нафтаправод "Дружба". Спадар Пебалгс заявіў, што чакае "неадкладных і поўных тлумачэньняў" у гэтай справе ад уладаў Беларусі і Расеі.

Афіцыйны Менск адмаўляецца камэнтаваць спыненьне паставак, паведамляе AFN.

"Напаўняльнасьць трубаправодаў – гэта канфідэнцыйная інфармацыя", — сказаў "Reuters" прадстаўнік канцэрну Белнафтахім Віктар Азараў.

Міністэрства замежных справаў Беларусі абвяргае інфармацыю пра спыненьне транзыту расейскай нафты ў трэція краіны. "Ціск на ўваходзе ў трубаправод "Дружба" на тэрыторыі Беларусі быў паніжаны не па віне беларускага боку" – цытуе Інтэрфакс афіцыйнага прадстаўніка МЗС Беларусі Андрэя Папова.

Ад 1 студзеня Беларусь увяла мыта на транзыт расейскай нафты ў Заходнюю Эўропу. Мыта складае $45 за тону.

За 2005 год аб''ем транзыту нафты праз Беларусь склаў болей за 90 мільёнаў тонаў.
XS
SM
MD
LG