Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Другі тыдзень Беларусь застаецца без паставак расейскай нафты


Валер Каліноўскі, Менск У другі тыдзень новага года Беларусь уваходзіць з чарговым крызысам вакол паставак энэрганосьбітаў з Расеі. З 1 студзеня дзяржаўны канцэрн “Белнафтахім” адмовіўся ад расейскай сыравіны, якая пасьля ўвядзеньня расейскім урадам экспартнага мыта 180 даляраў за тону стала занадта дарагой. Беларусь у адказ увяла мыта на транзыт расейскай нафты памерам 45 даляраў за тону.

Беларускі МЗС ужо зьвярнуўся ва ўрад Расеі з тым, каб такія перамовы пачаліся 9 студзеня. У Расеі ж да гэтага часу фактычна не было каму рэагаваць на прапанову, бо там працягваюцца калядныя канікулы. Ад газавых перамоваў, якія вялі “Газпром” і “Белтрансгаз”, дыялёг па нафтавых праблемах у дачыненьнях Масквы і Менску адрозьніваецца тым, што канфлікт створаны рашэньнямі ўрадаў Расеі і Беларусі і мусяць абмяркоўвацца на ўрадавым ўзроўні, лепш за ўсё паміж прэм’ерамі Сяргеем Сідорскім і Міхаілам Фрадковым.

Беларускі ўрад у афіцыйным камэнтары па гэтай праблеме даў зразумець, што калі расейскі бок скасуе сваё экспартнае мыта на пастаўкі нафты ў Беларусь, то і ён гатовы адмяніць транзытнае мыта на перамяшчэньне расейскай нафты праз беларускую тэрыторыю на Захад. Афіцыйны Менск спадзяецца дамагчыся кампрамісу да 15 студзеня.

Тым часам намесьнік старшыні канцэрну “Белнафтахім” Уладзімер Волкаў заявіў, што цяпер беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы працуюць на так званых пераходных запасах нафты, завезеных у мінулым годзе, якіх павінна хапіць да канца студзеня. Калі цягам месяца ня ўдасца дамовіцца, беларускі нафтахімічны комплекс чакае спыненьне – бяз працы застанецца як мінімум 125 тысяч чалавек.

Канфлікт узьнік вакол падзелу паміж бюджэтамі Беларусі і Расеі экспартнага мыта за нафтапрадукты, вырабленыя на беларускіх заводах з расейскай сыравіны.

Беларусь вуснамі прэм’ер-міністра і кіраўніка дзяржавы пагадзілася на формулу 50 на 50 працэнтаў , гэта значыць прапануюць падзяліць мыта пароўну паміж Расеяй і Беларусьсю. Расея настойвае на формуле 85 на 15 адсоткаў на сваю карысьць. Некалькі апошніх гадоў Беларусь цалкам забірала гэтае мыта ў свой бюджэт, маючы мільярды даляраў дадатковага даходу, што было прыхаванай датацыяй з боку Расеі.

А. Лукашэнка называе спрэчку вакол мыта на нафту “шантажом беларускага народу” з боку Расеі. Ён заявіў ўчора ў праваслаўным катэдральным саборы Менску, што не прадасьць незалежнасьць краіны за расейскія газ і нафту, і што беларусы маюць спадзявацца толькі на сябе.

Пакуль у Расеі сьвяткуюць, беларускі ўрад увёў у якасьці кампэнсацыйнага захаду мыта на транзыт нафты праз сваю тэрыторыю памерам 45 даляраў за тону. І ўжо сёньня ў гомельскім судзе чакаюць кіраўніка расейскай кампаніі “Транснефть” Сямёна Вайнштока за перамяшчэньне праз Беларусь нафты без мытнага афармленьня і аплаты за транзыт.

Расейскае Міністэрства эканамічнага разьвіцьця і гандлю афіцыйна запатрабавала ад Беларусі скасаваць пастанову беларускага ўраду аб увядзеньні мыта на транзыт нафты, адпаведная нота ўручаная амбасадару Беларусі ў Расеі Васілю Даўгалёву. У расейскім урадзе лічаць гэты крок беларускага ўраду незаконным, не адпаведным расейска-беларускім дамовам. Расейскі бок пагражае ўжыць у адказ “адэкватныя захады” адносна беларускіх тавараў, якія пастаўляюцца на расейскі рынак. Фактычна размова йдзе пра разбурэньне Мытнага саюзу і абмежаваньне беларускага экспарту ў Расею, якое ўжо напоўніцу адчулі беларускія вытворцы цукру, вымушаныя вяртаць з Масквы эшалёны са сваёй прадукцыяй.
XS
SM
MD
LG