Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэпартаж зь Сьвята-Духава катэдральнага сабора ў Менску (фота)


Галіна Абакунчык, Менск У праваслаўных цэрквах Беларусі праходзяць ўрачыстыя літургіі з нагоды аднаго з найвялікшых хрысьціянскіх сьвятаў – Раства Хрыстова. Цягам усяго дня тысячы вернікаў стаялі ў чэргах да храмаў, каб запаліць сьвечкі, набраць асьвечанай вады, памаліцца.

Галоўныя ўрачыстасьці праходзілі ў Сьвята-Духавым катэдральным саборы. Адсюль вялася тэлетрансьляцыя начной літургіі з удзелам уладыкі Філярэта, а днём тут пабываў кіраўнік краіны. З гэтай прычыны з самага ранку сабор заставаўся ў атачэньні АМАПу і супрацоўнікаў спэцсужбаў, паведамілі работнікі царквы.

Карэспандэнтка: “Шмат людзей ідзе сёньня?”

Спадарыня: “Вельмі шмат. Вельмі сардэчны ставяць сьвечкі, да прычасьця было мора людзей. Ад шасьці гадзінаў вечара ўчора ўсё распачалося, а вось зараз Лукашэнка а 16-й гадзіне будзе. Я ня ведаю, нават, каго сюды пусьцяць, бо тут міліцыі поўна і ўсіх. Лукашэнка ж будзе”.

Паміж урачыстымі службамі людзі станавіліся ў шматлікія чэргі, каб прыкласьціся да абразоў, запаліць сьвечку, а таксама набраць каляднай сьвянцонай вады.

Карэспандэнтка: “Вы што цяпер робіце?”

Спадар: “Набіраю сьвянцоную ваду. Лічыцца, што ў гэты дзень вада сьвятая. Яна дапамагае ад усяго”.

Карэспандэнтка: “Для вас сёньня сьвята?”

Спадар: “Так, для ўсіх праваслаўных людзей сьвята”.

Карэспандэнтка: “Чаму вы тут?”

Спадарыня: “Бо сёньня вялікае сьвята і яго трэба шанаваць. Вось прыйшла вады набраць і сьвечку калядную запаліць”.

Карэспандэнтка: “Любіце сьвята?”

Спадарыня: “Канечне, люблю. І гэта вялікае сьвята для ўсіх людзей”.

Праваслаўнае Сьвята Раства Хрыстова ў Беларусі дзяржаўнае сьвята, а сёлета яно прыпала яшчэ і на нядзелю. Таму многія вернікі прыходзілі ў царкву сем’ямі.

Карэспандэнтка: “Вы адна сям’я?”

Спадарыня: “Так, гэта мая дачка, а гэта ўнукі. У прынцыпе, нас зь дзяцінства прывучылі да веры, таму мы тут”.

Карсэпандэнтка: “А дзяцей ці прывучаеце?”

Спадарыня: “У такое сьвята дзеці павінны быць у царкве”.

Дзяўчынка: “Каб сьвечку запаліць”.

Спадарыня: “Нам, напэўна, пашанцавала – мы з тых камуністычных сем’яў, дзе веру не гублялі ніколі”.

Для супрацоўнікаў цэркваў сьвяточныя калядныя дні – напружаная і адказная праца, якая доўжыцца цягам сутак амаль бесперапынна. Але Бог дае сілы яе выконваць, кажа спадарыня Ніна.

Ніна: “Нагрузка вялікая і калі б не Божая дапамога, то мы ніколі б ня вытрывалі тое, што мы тут вытрымліваем. Вось ноччу, пасьля дзьвюх гадзін, крыху на канапе перадрамалі і ўсё”.

Карэспандэнтка: “А што б вы пажадалі людзям у гэты дзень?”

Ніна: “Што пажадаць? Мацнейшай веры, большай надзеі на Бога і не крыўдаваць, не сумаваць, а жыць спакойна”.

Фотарэпартаж















XS
SM
MD
LG