Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Айцец Вячаслаў Логін: "Жадаю, каб шлях беларусаў да лепшай долі ня быў пакутным"


Радыё Свабода З нагоды сьвята да беларусаў зьвярнуўся прадстаўнік Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы настаяцел парафіі Жыровіцкай Божай Маці з Гайленд Парку ў ЗША айцец Вячаслаў Логін

Логін: "Любыя браты і сёстры! Дарагія слухачы Радыё Свабода! Надышло адно з найвялікшых хрысьціянскіх сьвятаў - Нараджэньне Хрыстовае, Каляды. Як сказана ў Сьвятым пісаньні: так палюбіў Бог сьвет, што аддаў сына свайго адзінароднага, каб кожны, хто верыць, не загінуў, а меў жыцьцё вечнае.

Бо не паслаў Бог сына свайго ў сьвет, каб судзіць сьвет, а каб сьвет быў уратаваны празь яго. Болей як 2000 гадоў, як з волі Госпада другая асоба Прасьвятое Тройцы Сын Божы прыняў чалавечае цела і нарадзіўся ад Прачыстае Дзевы. І гэты дзень мы, хрысьціяне, кожны год урачыста сьвяткуем.

Гэтая падзея вялікая, бо з прыходам Збавіцеля прыйшла новая эра для чалавецтва: новыя законы маральныя і дзяржаўныя. Падмуркам апошніх ёсьць любоў паміж людзьмі, якую і прынёс Ісус Хрыстос. Таму гэтая падзея і для нас у сучаснасьці мае вялікае значэньне.

Прапаведніцтва самой хрыстовай навукі, выкупленьне чалавецтва як мы ведаем адбыліся праз некалькі дзесяцігодзьдзяў пасьля нараджэньня Хрыста. Таму гэтае сьвята - сьвята надзеі, зьдзяйсьненьне якой ляжыць у будучыні. Таму беларускі народ Каляды сьвяткаваў вельмі весела. У Сьвяты вечар са зьяўленьнем першай зоркі ў небе сям''я зьбіраецца на куцьцю, у самое сьвята ад хаты да хаты ходзяць каляднікі, пяючы народныя калядкі. А дзеці радуюцца каляднай ялінцы, атрымоўваюць падарункі.

Як сьвятар Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы хачу павіншаваць усіх беларусаў з гэтым радасным сьвятам і жадаю, каб у душы кожнага беларуса заўсёды зьзяла зорка надзеі на лепшае. І шлях беларускага народу да лепшай долі ня быў пакутным.

Каб улады беларускай дзяржавы больш карысталіся хрысьціянскімі прынцыпамі, былі патрыётамі свайго народу і Бацькаўшчыны-Беларусі, за якую мы молімся ў часе нашах багаслужбаў.

Хрыстос нарадзіўся! Слаўце яго!"
XS
SM
MD
LG