Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя Мазыра запатрабавала ад грамадзкага актывіста Целепуна распіску


Радыё Свабода На сёньня ў Мазыры ў Палацы культуры нафтавікоў плянавалася сустрэча з выбарцамі кандыдата ў дэпутаты абласнога Савету, грамадзкага актывіста Уладзімера Целепуна й ягонай даверанай асобы Аляксандра Мілінкевіча. Пра гэта ў горадзе былі распаўсюджаны абвесткі.

Аднак 5 студзеня напрыканцы працоўнага дня акруговая камісія Палескай выбарчай акругі №43 тэрмінова скасавала рэгістрацыю кандыдата ў дэпутаты аблсавету Уладзімера Целепуна, абвінаваціўшы яго “ў выпуску й распаўсюдзе паведамленьняў і матэрыялаў, якія распальваюць сацыяльную варожасьць”.

Учора спадар Целяпун зьвярнуўся ў міліцыю з просьбаю дапамагчы яму вырашыць канфлікт. Абвесткі былі распаўсюджаны яшчэ да скасаваньня яго кандыдацтва. Выбарцаў патрэбна папярэдзіць, каб яны не прыходзілі на сустрэчу.

Як паведаміў спадар Целепуна, сёньня спрабавалі выклікаць у міліцыю. Калі ён адмовіўся гэта зрабіць, да яго дамоў прыехаў намесьнік начальніка аддзяленьня прафіляктыкі капітан міліцыі Кротаў. Апошні патрабаваў ад грамадзкага актывіста распіску аб тым, што ён ня пойдзе ў прызначаны для сустрэчы з выбарцамі час да Палаца культуры нафтавікоў.

Уладзімер Целяпун адмовіўся даць такую распіску і а 15-й гадзіне прыехаў да Палаца культуры. Тут ён папрасіў у выбарцаў прабачэньня за тое, што сустрэча ня з ім, ні зь Мілінкевічам не адбудзецца. Чаму – таксама патлумачыў.

Міліцыя й людзі ў цывільным у сваю чаргу папярэджвалі гараджанаў, што сустрэча забаронена.

Аднак выбарцы ўсё адно падыходзілі да Аляксанра Мілінкевіча, каб павітацца й перамовіцца хоць некалькімі словамі.

Відавочцы сьцьвярджаюць, што цягам гадзіны ля Палаца нафтавікоў пабывала ня меней як дзве сотні гараджанаў.

Двухдзённыя высілкі ўладаў на перашкоду сустрэчаў з выбарцамі Аляксандр Мілінкевіч пакамэнтаваў так:

Мілінкевіч: “Людзі хочуць размаўляць, людзі хочуць даведацца праўду пра тое, што робіцца ў краіне. Па тэлебачаньні ж хлусяць! Яны хочуць нармалёвай сяброўскай размовы, і гэта ў іх забіраюць. Улада сама раскручвае вось гэтае кола сваёй сьмерці. Людзі ўсё шырэй разумеюць, калі яна ня можа нават дыскутаваць, ня можа прыйсьці й даказаць сваю правату, то якая ж яна ўлада?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG