Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Менску пра беларуска-расейскі гандлёвы канфлікт


Радыё Свабода, Менск “Чым на вашу думку можа скончыцца беларуска-расейская гандлёвая вайна?”. На гэтае пытаньне адказвалі мінакі на праспэкце Незалежнасьці каля станцыі мэтро “Парк Чалюскінцаў”

Спадар: “Цукру стаяць 500 вагонаў. Куды іх? Праблемы будуць вялікія”.

Студэнт: “Мне здаецца пазыцыя Расеі больш упэўненая. Пры жаданьні Расея можа зрабіць так, каб эканоміка Беларусі разбурылася. Яны пачынаюць разумець, што, магчыма, ніякага саюзу Беларусі і Расеі ня будзе, а навошта тады ісьці на такія саступкі і губляць грошы?”.

Спадарыня: “Папросту нашым палітыкам трэба лепш працаваць, каб слова вайна, наагул, не ўзьнікала. Трэба займацца справамі, а не гуляць у хакей”.

Хлопец: “Ну, Беларусь нешта прыдумае, каб адпомсьціць. Газ, а мы ім нафту. Яны нам тавары, а мы ім яшчэ што-небудзь”.

Пэнсіянэр: “Усім будзе кепска, акрамя, канешне, багатых”.

Спадар: “Знойдзем іншага пакупніка. Калі не ў Расеі, то дзе-небудзь яшчэ”.

Студэнт: “Наступствы такія… Лукашэнка пасварыўся і з Захадам і з Усходам. Гэта ў любым выпадку кепска для Беларусі. Можа, мяжу зробяць. На мой погляд, гэта добра, хаця для палітыкі дзяржавы, напэўна, не. Гэта моцны ўдар па нашай эканоміцы”.

Дзяўчына: “Беларусы будуць да расейцаў горш ставіцца”.

Жанчына: “Лягчэй нам ад гэтага ня будзе. Квартплата мусіць падвысіцца, канешне”.

Пэнсіянэрка: “Такія кошты і такія квартплаты! Квартплата ў пэнсіянэра займае адну траціну пэнсіі. Ні ў воднай краіне такога няма”.

Спадарыня: “Мяркую, што паміж нашымі нацыямі гэта можа мець нэгатыўныя моманты. Мае сваякі, напрыклад, сястра майго мужа жыве ў Расеі, яна ўжо на мяне глядзіць як на іншаземку. Квартплаты, школы, харчы, адзеньне – гэта ўсё ўзаемазьвязана”.

Спадар: “Значыць знойдзем іншыя месцы, куды можна прадаваць. Ну, можа, Хуга Чавэс, ці яшчэ які нармальны хлопец знойдзецца”.

Мужчына: “Усе заклапочаныя. Цяпер Расея ўступіць ва ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, дык, наагул, нашы тавары туды ня пойдуць?”

Спадарыня: “Ва ўсіх дачыненьнях гэта адаб’ецца на нас. Цярпець будзем мы”.

Жанчына: “Кошты, натуральна, падвысяцца ў нас”.

Спадарыня: “Ну гэта ж наш экспарт. Натуральна, гэта будзе мець наступствы як для гандлёвага балянсу, а ў выніку так і для плацёжнага балянсу. Гэта прамая пагроза стабільнасьці беларускага рубля, які падтрымліваецца ўсімі сіламі Нацыянальнага беларускага банка. Як мінімум гэта будзе мець наступствам падвышэньне коштаў”.
XS
SM
MD
LG