Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усе тры сустрэчы Мілінкевіча з выбарцамі на Гомельшчыне былі сарваныя ўладамі


Радыё Свабода, Гомель На Гомельшчыне ў палітычную кампанію выбараў у мясцовыя саветы ўключылася міліцыя й лекары

6 студзеня ў Рэчыцы сустрэча кандыдата ў дэпутаты Гомельскага абласнога Савету Мікалая Агафонава з выбарцамі Ведрыцкай акругі №51 у цэнтры адпачынку моладзі распачалася па сутнасьці з абвесткі. Давераная асоба Агафонава, экс-кандыдат на прэзідэнта Аляксандр Мілінкевіч затрыманы на аўтамашыне “Вольва” з кіроўцам Аляксеем Кавальцом у суседнім Сьветлагорску.

Кандыдат Агафонаў: “Я ведаю, што гэта глупства. Улада баіцца. Буду даводзіць гэта да сваіх выбарцаў. Мілінкевіч хацеў падтрымаць мяне як кандыдата ў дэпутаты і гатовы са сваёй камандай дапамагаць мне як дэпутату, калі я буду абраны”. Прыкладна праз паўгадзіны пасьля заканчэньня сустрэчы спадара Агафонава з выбарцамі ў Рэчыцу прыехаў Аляксандр Мілінкевіч з кіроўцам Кавальцом. Каля паўтара дзясятка гараджанаў сустрэлі іх на шашы Сьветлагорск-Рэчыца.

Аляксей Кавалец паведаміў, што дзяржаўтаінспэкцыя затрымала іх блізу мястэчка Парычы Сьветлагорскага раёну. Спадара Кавальца сталі беспадстаўна правяраць на алькагольнае ап`яненьне, прычым вельмі спэцыфічна:

Кавалец: “Там у мястэчку велізарная паліклініка. Нас пратрымалі там больш за паўгадзіны. Высьветлілася, што яны ня могуць нас праверыць. Гэта абсурд, канешне. Потым прывезьлі ў Сьветлагорскі наркалягічны дыспансэр. Трымалі каля гадзіны. Выявілася, што й тут нібыта ня могуць нас праверыць. Потым быў нейкі тэлефонны званок - міліцыянт узяў трубку. Пасьля гэтага павёз нас у гарадзкі шпіталь. Там мы таксама чакалі вельмі доўга. Нарэшце зайшлі ў прыёмную, і там далі дзьмухнуць у нейкую прабірку, а пасьля капнулі марганцоўкі. Ціск правяралі, задавалі пытаньне: “Скажыце, а дзе вы знаходзіцеся? Якая сёньня дата?” Я ім адказ: вы што, нас за ідыётаў прымаеце? Мала таго, што алькаголікамі, яшчэ й ідыётамі хочаце зрабіць”?

Дзяжурны лекар на гэтым спыніў абсьледаваньне – нават сьляпому было бачна, што кіроўца і Мілінкевіч абсалютна цьвярозыя.

Але прыгоды Аляксея Кавальца і Аляксандра Мілінкевіча на гэтым ня скончыліся.

Ужо за Рэчыцай пры выезьдзе на шашу Кобрын-Гомель аўтамашыну Мілінкевіча затрымалі другі раз. Рабіў гэта экіпаж старшага лейтэнанта Рэчыцкага ДАІ Міхаіла Крэслы:

Крэсла: “Я выконваю ўказаньне дзяжурнага райаддзелу міліцыі”.

Праз хвілінаў пятнаццаць да перакрыжаваньня прыляцеў экіпаж ДАІ капітана Шакуна:

Шакун: “Справа ў тым, што нам паступіла арыентыроўка, што ў горадзе Рэчыца здарылася дарожна-транспартнае здарэньне. Пад`едзьце ў дзяжурную часьць, вам там скажуць. Сам я там ня быў, я ў гэты час быў на аўтадарозе”, - патлумачыў капітан.

Дарожныя патрульныя патрабуюць ад кіроўцы Кавальца вярнуцца ў Рэчыцу, але ён адмаўляецца. У Рэчыцу ён зь Мілінкевічам нават не заяжджалі. Выехалі на шашу Кобрын-Гомель аб`язною дарогаю, цераз прамысловую зону нафтавікоў. Тым больш, што ад гораду была й машына суправаджэньня, якой кіраваў гомельскі актывіст Уладзімер Кацора. Ніякай аварыі па шляху ніхто нават ня бачыў.

Мілінкевіч спрабаваў перасесьці ў аўтамашыну Уладзімера Кацоры, але патрульныя пасьля перамоваў па мабілковых тэлефонах сталі правяраць й дакумэнты на прыватны легкавік Кацоры.

Мілінкевіч: “Яны ўсё-такі ня ўпэўненыя ў сваіх сілах – прапанавалі ехаць у пастарунак. Мы катэгарычна адмовіліся. Яны пачалі дасьледаваньне на шашы. Нібыта такая аўтамашына, як наша, зрабіла здарэньне. Зараз трэба мераць тармазны шлях і гэтак далей. Гэта спосаб затрымаць нас, таму што праз 10 хвілінаў, а 15-й гадзіне, пачынаецца сустрэча з выбарцамі ў Гомелі. І што трэба рабіць, каб нас трымаць, яны мусяць прыдумаць”, - сказаў Мілінкевіч.

Апытаньне кіроўцаў і складаньне пратаколаў доўжылася на шашы дзьве гадзіны. Алексей Кавалец і Уладзімер Кацора прапаноўвалі дарожным патрульным паехаць не ў пастарунак, а на месца здарэньня, калі такое сапраўды было. Але на дзіва, рэчыцкія супрацоўнікі ДАІ паставіліся да гэтага надзвычай інэртна. Сьцьвярджалі, што вось-вось прыедзе сьледчы.

Сьледчы так і не зьявіўся, чамусьці не схацеў пабачыцца з удзельнікамі ДТП.

А 16-й гадзіне патрульныя аддалі дакумэнты абодвум кіроўцам – Кавальцу й Кацору і нават папрасілі прабачэньня за затрымку.

За 20 кіламетраў да Гомеля ўжо супрацоўнікі абласной ДАІ трэці раз спынілі “Вольва” Мілінкевіча й машыну суправаджэння, якой кіраваў спадар Кацора.

Інспэктар ДАІ Гомельскага аблвыканкаму, старшы лейтэнант міліцыі Забродзь: “У вас рамень бясьпекі не прышпілены”.

Кацора: “А вы ў цемені пры сьвятле сустрэчных фар бачылі гэта? У мяне два сьведкі ў салёне. Яны бачылі, што я толькі адшпіліўся – хацеў выйсьці да вас з машыны”.

Аляксей Кавалец наогул абурыўся на спробу інспэктара яшчэ й яго абвінаваціць у адшпіленым пасе. “Вольва” абсталявана адмысловай сыгналізацыяй. Не прышпіліўся – ехаць спакойна немагчыма: аўтамашына увесь час выдае надакучлівы сыгнал.

Супрацоўнік ДАІ ад кіроўцы Мілінкевіча адчапіўся хутка. Відаць, не хацеў выглядаць недасьведчаным чалавекам. Стаў складаць пратакол на Ўладзімера Кацору. Але апошні заявіў, што абскардзіць штраф у суд, і патрульны палічыў за лепшае выпісаць яму позву на камісію ДАІ.

Уся працэдура заняла каля 40 хвілінаў. У выніку Мілінкевіч не патрапіў на сустрэчу дэмакратычных кандыдатаў з выбарцамі й у Гомелі.

У Добруш экс-кандыдат на прэзідэнта прыехаў каля 18-й гадзіны. Міліцыя й людзі ў цывільным ужо папярэдзілі гараджанаў, што Мілінкевіч не прыедзе. Таму ля Палаца культуры яго чакалі толькі кандыдат у дэпутаты райсавету Марк Саньнікаў, міліцыя й некалькі крыклівых бабуль. Адна зь іх надзвычай завучана пыталася ў Мілінкевіча: куды гэта ён дзеў прэмію Эўрапарлямэнту імя Сахарава “За свабоду думкі”?

Паўнавартаснай сустрэчы з гараджанамі не адбылося і ў Добрушы.

Аляксандар Мілінкевіч як давераная асоба шэрагу дэмакратычных кандыдатаў у дэпутаты так пакамэнтаваў высілкі ўладаў перашкодзіць ягоным сустрэчам з выбарцамі:

Мілінкевіч: “Гэта стопрацэнтовае сьведчаньне таго, што яны слабыя. Толькі слабыя людзі сябе так паводзяць. Па-другое, гэта сьведчаньне таго, што ўлады ня ведаюць, што з намі рабіць. У іх КДБ, войска, танкі, самалёты – усё. У нас - толькі слова, і яны слова баяцца. Тыя ж міліцыянты, што нас трымалі – сорамна ім. Яны, канешне, не прызнаюцца, што ім далі загад. Па-людзку – проста сорамна. Нас па трох шпіталях правезьлі - дактары таксама разумеюць, што іх рукамі, іх подпісамі хочуць паскудзтва рабіць. Яны самі сябе разбураюць”, - лічыць Аляксандр Мілінкевіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG