Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вячаслаў Дашкевіч: “Я веру ў дабрыню”


Ганна Соўсь, Прага У 2007 годзе перадача “У што я веру” будзе выходзіць у іншым фармаце – раз на тыдзень па суботах, і будзе складацца з дзьвюх частак. У першай будзе гучаць эсэ аднаго з ўдзельнікаў перадачы, а ў другой – агляд лістоў, тэлефанаваньняў слухачоў і адказаў гасьцей “Свабоды”.

Сёньняшні ўдзельнік перадачы “Ў што я веру” Вячаслаў Дашкевіч – бацька палітзьняволенага лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча. Пасьля заканчэньня журфаку Белдзяржунівэрсытэту Вячаслаў Дашкевіч працаваў адказным сакратаром Горацкай раённай газэты на Магілёўшчыне. Потым некаторы час жыў ў Магаданскай вобласьці Расеі, дзе працаваў у мясцовых СМІ. У 1985 годзе вярнуўся зь сям’ёй у Беларусь. Цяпер Вячаслаў -- пэнсіянэр. Жыве ў мястэчку Старыя Дарогі на Меншчыне.

Дашкевіч: “У адным зь інтэрвію Радыё Свабода я адказаў на гэтае пытаньне вельмі коратка, а менавіта, што я веру ў дабрыню. Паўтараю гэта і цяпер. Аднак, як падкрэсьліў мой сын Зьміцер, палітычны вязень, пра дабрыню пастаянна талдычаць і ўсе “лукашэнкаўскія вэртыкальшчыкі” ва ўсіх дзяржаўных сродках масавай інфармацыі. Але ж іхняя дабрыня толькі для сябе, клопат толькі пра свае крэслы. Яны ўсе баяцца сказаць свайму патрону, з самага нізу да самага верху, сваю думку, сарамліва апускаюць галовы, уціскаючы іх у плечы, на любыя абразьлівыя словы свайго начальніка, які стаіць вышэй за іх на службовай лесьвіцы. І ўсё паўтараюць пра клопат аб народзе, аб кожным грамадзяніне. А ў той самы час многія пэнсіянэры ледзьве зводзяць канцы з канцамі, ня маючы магчымасьці ня толькі прыстойна апранацца, але і паўнацэнна харчавацца.

Дык аб якой дабрыні тут можна весьці гаворку? Дабрыня ж у шырокім сэнсе слова, па біблейскіх паняцьцях, — любоў бескарысьлівая, якая не чакае якой-небудзь узнагароды за сваю дабрыню.

Да таго ж аб якой справядлівасьці (а гэта, я ўпэўнены, адзін з абавязковых складнікаў дабрыні) можа ісьці размова, калі прэзыдэнт краіны прызначае на працу і вызваляе ад яе судзьдзяў, пракурораў, іншых чыноўнікаў. І таму ні аб якой свабодзе слова ў цяперашняй Беларусі размовы быць ня можа. Прыклад таму — сотні закрытых незалежных газэт і дзесяткі палітвязьняў, сярод якіх і мой сын —Дашкевіч Зьміцер Вячаслававіч.

Калі шчыра, то я адразу не ўхваліў такую ягоную палітычную актыўнасьць. Але калі я тры дні запар пабыў каля будынку так званага Дома правасудзьдзя ў Менску, дзе адбывалася судзілішча над маім сынам толькі за тое, што ён думае ня так, як думае афіцыйная ўлада, то ўбачыў, што яго публічна падтрымліваюць сотні людзей, і ня толькі маладафронтаўцы, а й сталыя, умудроныя жыцьцёвым досьведам людзі. І ўсе імкнуліся павіншаваць мяне з такім цудоўным сынам, падбадзёрыць, падкрэсьліць, што я павінен ганарыцца такім мужным сынам. Вось гэта і ёсьць дабрыня. І я веру ў такую дабрыню і такую моладзь. І я ганаруся табою, мой сын, і ўсімі тымі, хто цябе падтрымлівае”.

Госьць “Свабоды” актывіст незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” Цімафей Дранчук праз некалькі дзён па выхадзе з турмы пасьля амаль году зьняволеньня ў эфіры “Начной Свабоды” гэтак сказаў пра свае перакананьні.

Дранчук: "Я веру ў тое, што мой сын, калі, як я у 15 гадоў, будзе вычуцца ў дзесятай клясе, ня будзе думаць пра тое, як зьбегчы з заняткаў і схадзіць на мітынг, каб адстойваць нейкія свае погляды, нейкую сваю будучыню, а будзе мець магчымасьць ужо вучыцца ў нармальнай краіне, з нармальнай ўладай, ведаючы, што праз некалькі гадоў ён народзіць сваіх унукаў і даць ім магчымасьць жыць таксама ў нармальнай, вольнай і шчасьлівай Беларусі".

На гэтым тыдні слухачы «Свабоды» праз наш тэлефон-аўтаадказьнік адказвалі на пытаньне «У што я веру».

Cлухачка: "Веру -- ня веру, люблю -- не люблю. Ня веру старой апазыцыі, таму што партыі не ідуць адным фронтам, рухам, а ўсё зьбіраюць нейкія кангрэсы, каб вызначыць, хто зь іх прыгажэйшы і лепшы. Кожны зь іх хоча быць лідэрам, адзін другому ставяць падножкі, бо любяць сябе больш, чым Беларусь-Радзіму і народ Беларусі. Веру ў маладую апазыцыю Беларусі. Севярынец, Дашкевіч, Дранчук, Сасім, Астрэйка, Браніцкая і другія маладыя апазыцыянэры. Веру, што яны аб''яднаюцца разам у адзіны рух вакол прызнанага ў сьвеце лідэра Беларусі Мілінкевіча, беспартыйнага, разумнага чалавека. Яны вераць у Беларусь і любяць Беларусь, атрымаўшы дубінкі і зьнявагі амонцаў. Веру ў будучыню Беларусі, веру ў будучыню моладзі. Веру ў сьветлае будучае Беларусі".

Слухачка «Свабоды» спадарыня Вольга з вёскі Студзёнкі Нясвіскага раёну Меншчыны гаворыць пра сваю веру вершаванымі радкамі. Спадарыня Вольга: “Веру ў Бога, і гэта дапамагае мне жыць.

О, божа мой, о Божа міліый, Ты кожны дзень даеш нам сілы. Бог пасяліўся ў нашым сэрцы, Каб збавіць нас ад лютай сьмерці. Сьвятло з нябёсаў нам паслаў, Праз сына свайго Ісуса Жыцьцё нам вечнае дараваў. А слова Божае лепш за пілюлі, Каб мы ў цемры не паснулі. О, Божа мой, о Божа мілый, Мы шчыра дзякуем табе, Што не пакінуў нас у бядзе”.

З меркаваньнем слухачкі пераклікаецца і адказ госьці “Начной Свабоды” мастацтвазнаўцы Валянціны Трыгубовіч:

Трыгубовіч: "Верую ў адзінага Бога, Айца ўсеўладарнага. І з гэтага пачынаецца кожны дзень і з гэтага пачынаецца ўсё жыцьцё, таму што чалавек быў створаны Богам дзеля таго, каб сам тварыў.”

Ці верыце Вы ў нешта? Што дапамагае Вам жыць? Як і чаму Вы прыйшлі да сваіх перакананьняў? Вашы каштоўнасьці і прынцыпы могуць натхніць іншых, сёньня і ў будучыні, у Беларусі і за мяжой. Раскажыце, ў што верыце Вы!

Пішыце на адрас у Беларусі: П/С 111 Менск 220005, у Чэхіі: П/С 44 Vinohradska 1, Praha 110 00

E-Mail: svaboda@rferl.org

Тэлефон-аўтаадказьнік у Менску: 266 39 52

Архіў перадачаў за 2006 год
XS
SM
MD
LG