Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У праваслаўных храмах рыхтуюцца сустрэць сьвята Раства Хрыстова (фота)


Галіна Абакунчык, Менск У праваслаўных цэрквах Беларусі завяршаюцца апошнія прыгатаваньні да сьвята Раства Хрыстова. Позна ўвечары тут распачнуцца ўрачыстыя перадкалядныя набажэнствы.

Перад галоўным праваслаўным храмам – Сьвята-Духавым катэдральным саборам – праца кіпіць яшчэ далёка да ўваходу. Некалькі супрацоўнікаў камунальных службаў паліваюць з машыны і мыюць парадную лесьвіцу перад царквой.

(Карэспандэнтка: ) “Дзень добры. Скажыце, калі ласка, вы чаму лесьвіцу менавіта зараз прыбіраеце?”

(Спадарыня: ) “Дык сьвята ж. Уваскрасеньня”.

(Карэспандэнтка: ) “Гэта толькі сёлета ці штогод?”

(Спадарыня: ) “Так, штогод”.

(Іншая спадарыня: ) “Мы некалькі разоў на год мыем. І да сьвята горада, і да іншых сьвятаў. У нас тут чысьціня і парадак”.

У чаканьні сьвята Раства ў царкву гэтымі днямі прыходзіць шмат моладзі – у школьнікаў вакацыі, а ў студэнтаў распачалася сэсія. І хоць надвор’е зусім не Каляднае, але сьвяточнага настрою яно не псуе, кажуць маладзёны.

(Карэспандэнтка: ) “Якое сьвята чакаюць у царкве, ведаеце?”

(Дзеці: ) “Сьвята Раства Хрыстова”. “Гэта калі Хрыстос уваскрос”. “Гэта сьвята трэба сьвяткаваць”.

(Карэспандэнтка: ) “А вы чаму ў царве менавіта сёньня?”

(Юначкі: ) “У нас цяжкі пэрыяд – распачалася сэсія. А таксама памаліліся за здароўе родных”.

(Карэспандэнтка: ) “А да сьвята рыхтуецеся?”

(Спадарыня: ) “Хутчэй духоўна. Бабулькі – яны куцьцю робяць, сена на стол кладуць, стравы розныя. А мы духоўна”.

(Карэспандэнтка: ) “Але на двары дождж. Настрою каляднага не псуе?”

(Юначка: ) “Не псуе. Ёсьць настрой”.

У царкве Пятра і Паўла зьявілася стаенка з выяваю Хрыстова нараджэньня, а таксама калядныя елачкі. Служыцелька царкоўнага кіёску, дзе людзі набываюць сьвечкі, абразкі ды калядныя аздобы, кажа, што ня мае нават хвіліны для гутаркі.

(Спадарыня: ) “У гэтыя дні прыходзіць вельмі шмат людзей. Бачыце, ідзе бесьперапынны паток. І пакуль я з вамі размаўляла, паглядзіце, колькі чалавек у чаргу выстраілася. І гэта вельмі радасна, дзякуй Богу”.

Шмат людзей прыходзіць зараз і да сьвятароў, каб паспавядацца ды з чыстай душой сустрэць нованароджанага Хрыста. Таму для служыцеляў царквы сьвята Раства – яшчэ і напружаная праца, паведаміў Свабодзе дзяжурны сьвятар Петрапаўлаўскай царквы.

(Сьвятар: ) “Да любога сьвята і чалавек, і храм рыхтуецца і духоўна, і нават фізычна. Бачыце, храм прыбіраецца, упрыгожваецца. Адначасна ідуць асаблівыя службы, цяжкія, вялікія. І тыя тысячы людзей, якія прыходзяць, іх таксама трэба ўсіх прыняць. Але Хрыстос нараджаецца! Сустракайце яго!”





XS
SM
MD
LG