Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску актывісты АГП правялі перадвыбарчы пікет (фота)


Альгерд Невяроўскі, Менск Каля двух дзясяткаў актывістаў АГП раздавалі агітацыйныя матэрыялы свайго лідэра Анатоля Лябедзькі й адказвалі на пытаньні выбарцаў. Гэта адзін зь нешматлікіх перадвыбарчых пікетаў, які дазволілі менскія ўлады.

Сустрэчы апазыцыйных кандыдатаў з выбарцамі адбываюцца ня так часта, як падчас ранейшых кампаніяў. Паводле лідэра АГП і кандыдата ў дэпутаты Менскага гарсавету Анатоля Лябедзькі, прычына ў тым, што гэтая кампанія надзвычай зарэглямэнтаваная.

Сёньня актывісты раздавалі ўлёткі ў раёне скрыжаваньня вуліцы Багдановіча й праспэкту Машэрава. Да пікетоўцаў, што стаялі з транспарантамі “Ўрад у адстаўку!” і ”Будзем жыць у зямлянках. Лукашэнка” падыходзілі цікаўныя. Вось што казалі выбарцы:

Спадарыня: “Ой, Лябедзька? Знаю, што ён гэты… Як яго, у апазыцыі гэтай. Лябедзька там, і гэты Мілінкевіч. Ну я ж знаю”.

Спадар: “Хочацца, каб выбары прайшлі цывілізавана, і каб да ўлады прыйшлі людзі культурныя й пісьменныя”.

Пэнсіянэр: “Мяне гэтыя выбары не цікавяць. Таму што даўно мне стала зразумела, што выбары будуць сфальшаваныя”.

Спадар: “Пэўна ж мяне цікавіць гэтая выбарчая кампанія. Але ці дадуць магчымасьць выбрацца таму, хто хацеў бы абрацца? Я ня ўпэўнены”.

Часам паміж пікетоўцамі й прыхільнікамі ўлады разгараліся й спрэчкі.

Міліцыянты толькі аднойчы спраўдзілі дазвол на правядзеньне пікету — і больш сустрэчы не заміналі.

За дзьве гадзіны апазыцыйныя актывісты раздалі каля 3000 асобнікаў рознай друкаванай прадукцыі. Анатоль Лябедзька лічыць такія камунікацыі з выбарцамі вельмі важнымі. І дзеля такіх сустрэчаў многія апазыцыянэры пакуль не зьбіраюцца здымаць сваіх кандыдатураў.







XS
SM
MD
LG