Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Энэргетычная вайна з Расеяй пагражае існаваньню Беларусі”


Ганна Соўсь, Прага Замежныя мэдыі сёньня працягваюць аналізаваць сытуацыю вакол расейска-беларускіх нафтавых і газавых канфліктаў.

Энэргетычная вайна з Расеяй пагражае існаваньню Беларусі, піша сёньня “Financial times”. Назіральнікі не чакаюць, што аўтакрат Аляксандар Лукашэнка адкрые краіну для Захаду, таму Беларусі пагражае змушанае аб’яднаньне з суседняй дзяржавай.

“Пасьля таго, як Беларусь была змушаная згадзіцца на падваеньне цаны на газ і частковы продаж сваёй сыстэмы трубаправодаў расейскаму канцэрну “Газпром”, на першы плян выйшла пытаньне аб нафце, гэта значыць, аб самай важнай артэрыі, якае сілкуе яе эканоміку. У першым паўгодзьдзі 2006 году Менск за кошт перапрацоўкі і перапродажу таннай расейскай нафты атрымаў прыкладна 3,7 млрд даляраў. Зараз гэтая крыніца прыбытку пад пытаньнем, бо Масква зьбіраецца адмовіцца ад датаваньня беларускай эканомікі і падняць мыты”.

Брытанскае газэта цытуе Аляксандра Лукашэнку, які кажа, што “Расея захлынаецца нафтадалярамі і іншымі валютнымі паступленьнямі. Падпісаўшы газавую дамову, Расея абавязалася не патрабаваць ніякіх мытаў на экспарт нафты ў Беларусь”, нагадвае Лукашэнка.

Аднак загад, якім з 1 студзеня мыты былі ўведзеныя, дзейнічае. Запасаў нафты ў Беларусі, якая з пачатку года змушана перайшла на дарагі імпарт, хопіць, па дадзеных палітоляга Валерыя Карбалевіча, яшчэ на два тыдні, адзначае “Financial times”.

Беларусь ня можа адмовіцца ад нафтавых прыбыткаў, не патрапіўшы пры гэтым у катастрафічнае становішча. Аб сур’ёзнасці сытуацыі сьведчыць пазапраўнае рашэньне Лукашэнкі абкласьці пошлінай расейскую нафту, якая ідзе транзытам у Заходнюю Эўропу. Гэтая мера можа абыйсьціся расейскім нафтавым канцэрнам у 3,5 млрд даляраў штогод, піша брытанскае выданьне.

У канчатковым выніку Лукашэнку застаюцца ўсяго дзьве магчымасьці: ён можа зьмяніць курс і павесьці краіну да рынкавай эканомікі – напрыклад, праз прыватызацыю дзяржаўных прадпрыемстваў. Калі з гэтага нічога не выйдзе, яму прыйдзецца пайсьці на саступкі Расеі і згадзіцца на аб’яднаньне на ўмовах Масквы, піша “Financial times”.

Амэрыканскі часопіс “Time” ў артыкуле “Няшчасьці Менску ў навагоднюю ноч” цытуе былога намесьніка міністра замежных справаў Беларусі Андрэя Саньнікава, які кажа, што “Расея зрабіла сабе навагодні падарунак, загнаўшы ў кут беларускага чыноўніка ад эканомікі. Тое, што СССР спрабаваў дамагчыся пры дапамозе танкаў, Расея ажыцьцявіла з дапамогай трубаправодаў”.

“Time” цытуе таксама Лілію Шаўцову, аналітыка маскоўскага цэнтру Карнэгі, якая кажа, што “другі і апошні прэзыдэнцкі тэрмін Пуціна завяршаецца ў 2008 годзе, і пасьпяховае аб’яднаньне зь Беларусьсю магло б пакінуць пра яго памяць як пра першага лідэра, які аб’яднаў славянскія землі, якія страцілі ягоныя папярэднікі – Гарбачоў і Ельцын”. Шаўцова агучвае і іншую тэорыю: “Далучэньне Беларусі можа стварыць для Пуціна законны спосаб застацца ў Крамлі”, піша “Time”.
XS
SM
MD
LG