Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падвышэньне цэнаў на газ: якія эканамічныя наступствы?


Валер Карбалевіч, Менск Удзельнікі: эканамісты Леанід Злотнікаў і Міхась Залескі.

Валер Карбалевіч: “Напярэдадні новага году розныя экспэрты давалі безьліч прагнозаў адносна наступстваў для беларускай эканомікі пераходу на рынкавыя газавыя цэны. Сярод іх былі й катастрафічныя прагнозы.

Цяпер у першыя дні новага году, хоць сытуацыя з нафтай пакуль не зразумелая, але пасьля заключэньня газавых кантрактаў эканамічны расклад трохі праясьніўся. У аўторак віцэ-прэм’ер Сямашка падчас прэсавай канфэрэнцыі казаў пра цяжкія наступствы для беларускай эканомікі ад гэтага газавага кантракту. Ён адзначыў, што прадпрыемствы будуць купляць газ прыкладна за 150 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў. Электраэнэргія падаражае на 54%, цяпло — на 55%. Як адаб’ецца гэтая цана на прадпрыемствах — увогуле гаспадарчых суб’ектах?”

Леанід Злотнікаў: “Калі лічыць, што ў сярэднім у краіне ў сабекошце прадукцыі доля энэргіі складае 7—8%, то падвышэньне ўдвая цаны на газ пацягне павышэньне сабекошту таксама на 14—15%.

А гэта азначае павышэньне цэнаў на 7—10%. Але ёсьць галіны вытворчасьці, дзе спажываньне энэрганосьбітаў большае, дасягае 30—40% сабекошту прадукцыі. Вось там сабекошт прадукцыі таксама ўзрасьце на 30—40%”.

Міхась Залескі: “Яшчэ ў 2001 годзе цана газу для спажыўцоў (то бок, прадпрыемстваў) была ўдвая большая за тую, за якую Беларусь атрымлівала газ з Расеі. У 2005 годзе розьніца была паўтара разу. Такая прапорцыя захоўваецца і цяпер.

Найбольш страціць ад росту цэнаў на газ энэргетыка. Там страты складуць да 30%. Каля 25% страціць хімічная прамысловасьць. Таксама пацерпіць прамысловасьць будаўнічых матэрыялаў, якая забірае шмат энэргіі, і камунальная гаспадарка. Удвая ўзрасьце доля энэрганосьбітаў у выдатках вытворчасьці”.

Карбалевіч: “Спадар Сямашка казаў, што дзяржава будзе рэгуляваць цэны для розных галінаў эканомікі, прадпрыемстваў. І тут узьнікае пытаньне: ці вялікія магчымасьці дзяржбюджэту? Як на яго паўплываюць новыя газавыя цэны? Трэба ж будзе кампэнсаваць страты нерэнтабэльным прадпрыемствам, якіх у краіне каля чвэрці, камунальныя расходы, якіх ўлады не зьбіраюцца значна павышаць. Ці зможа дзяржава й далей павышаць заробкі паводле папярэдніх плянаў? Ці магчымыя затрымкі з выплатамі заробкаў, пэнсіяў, як гэта было ў 1990-я гады?”

Злотнікаў: “Разам ад павышэньня цэнаў на газ страты складуць больш як 1 мільярд даляраў. Але “Газпром” пералічыць у беларускі бюджэт гэтым годам 625 мільёнаў даляраў за акцыі “Белтрансгазу”. Плюс Беларусь атрымае большыя даходы ад павышэньня тарыфаў за пракачку газу праз нашу тэрыторыю. У выніку падліку ўсіх газавых рахункаў атрымоўваецца, што Беларусь страчвае каля 250—300 мільёнаў даляраў. Гэта няшмат.

Валавы ўнутраны прадукт Беларусі складае каля 34 мільярдаў даляраў, таму страты складаюць толькі каля 1% ад ВУП. Калі улічыць, што дзяржбюджэт складае палову ВУП, то страты дзяржбюджэту можна ацаніць на 120—130 мільёнаў даляраў. Гэта невялікая лічба.

Цяпер усё залежыць ад палітыкі дзяржавы. Урад мае манэўр: можа перанесьці гэтыя страты на любыя слаі грамадзтва, прадпрыемствы, альбо скараціць свае расходы”.

Залескі: “У мяне больш пэсымістычны погляд. Бо праблемы для Беларусі ўзьніклі ня толькі ад цаны на газ. Ёсьць яшчэ праблема нафты, цукру, ёсьць санкцыі Эўразьвязу. Таксама Ўкраіна падвысіла цэны на электраэнэргію. Ад гэтага найперш церпяць буйныя падаткаплатнікі. У выніку падатковая база зьмяншаецца. У такіх умовах ручное адміністрацыйнае кіраваньне эканомікай можа даць горшы вынік, чым у краінах, дзе дзейнічаюць рынкавыя мэханізмы”.

Карбалевіч: “Мы цяпер выносім за дужкі гэтыя праблемы, якія пералічыў спадар Залескі, а гаворым толькі пра цэны на газ. Як паўплывае новая сытуацыя з газавымі цэнамі на крэдытна-грашовую палітыку? Ці магчымыя павелічэньне інфляцыі, падзеньне курсу рубля?

Вось напярэдадні новага году пад уплывам інфармацыі пра будучыя эканамічныя цяжкасьці людзі пачалі масава здымаць з банкаўскіх рахункаў рублі й купляць валюту. У выніку ўзьнік дэфіцыт і валюты, і наяўных беларускіх рублёў. Гэта часовы пераднавагодні ажыятаж, ці гэта нейкая доўгатэрміновая тэндэнцыя? І ці вялікая верагоднасьць банкаўскага крызісу?”

Злотнікаў: “Паступленьне валюты ад беларускага экспарту пачало скарачацца яшчэ ў канцы 2006 году. Бо ўпалі цэны на нафту й нафтапрадукты на ўсясьветным рынку. Таксама скараціліся даходы ад аказаньня паслугаў замежным спажыўцам. І гэта выклікала напругу ў грашова-крэдытнай палітыцы й на валютным рынку. А тут яшчэ інфармацыя пра будучыя эканамічныя цяжкасьці. Усё гэта й выклікала ажыятаж.

Само павышэньне цэнаў на газ не акажа значнага ўплыву на валютны рынак. Але калі ўлічыць іншыя чыньнікі, пра якія казаў спадар Залескі (а я б яшчэ дадаў павышэньне цэнаў на транзыт беларускіх грузаў па расейскай чыгунцы, паступовую страту канкурэнтаздольнасьці нашай прадукцыі апрацоўчай прамысловасьці на расейскіх рынках), то гэта можа паўплываць і на скарачэньне даходаў ад экспарту, і на напружаньне на валютным рынку, і на паводзіны людзей”.

Залескі: “Сытуацыя ў гэтай сфэры будзе пагаршацца. Бо энэргаёмістасьць ВУП утрая вышэйшая, чым у Японіі, і ўдвая вышэйшая, чым у Канадзе і нават у Польшчы ці Літве. І вось тут пачынае працаваць рынак.

Тое, што людзі пабеглі купляць валюту, сьведчыць пра непакой людзей за эканамічную сытуацыю. Калі б гэта быў звычайны пераднавагодні ажыятаж, то людзі б проста здымалі рублі альбо мянялі валюту на рублі, каб патраціць на пакупкі. Менавіта так было папярэднімі гадамі перад Новым годам. А цяпер людзі скупалі валюту, каб захаваць свае грошы ад магчымых стратаў. Гэта сытуацыя крызісу, страты даверу да дзяржавы”.

Злотнікаў: “Зразумела, павышэньне сабекошту прадукцыі пацягне й павышэньне цэнаў. Найперш мы адчуем інфляцыю выдаткаў да 15% у першай палове гэтага году. У зьвязку зь іншымі фактарамі гэта можа выклікаць ажыятаж сярод насельніцтва. У выніку курс даляра, ягоная пакупніцкая здольнасьць можа ўзрасьці. У горшым выпадку курс даляра можа дасягнуць польскага альбо ўкраінскага ўзроўню, то бок, узрасьці на 30%. І адпаведна, на столькі ж можа ўпасьці пакупніцкая здольнасьць рубля”.

Залескі: “Гэта можа здарыцца ў горшым выпадку ў верасьні-кастрычніку. Бо эканоміка валодае вялікай інэрцыяй”.

Карбалевіч: “Ці можа новая сытуацыя падштурхнуць беларускія ўлады да нейкай, няхай касмэтычнай, лібэралізацыі эканамічнай палітыкі?”

(Злотнікаў: ) “Давайце не забываць, што мы маем справу з тэндэнцыяй. Пагадненьне аб павышэньні цэнаў на газ падпісанае на чатыры гады, цягам якіх цэны будуць расьці. Напрыклад, наступным годам дадатковыя страты Беларусі ад падвышэньня цэнаў на газ складуць 1,4 мільярда даляраў у параўнаньні з гэтым годам.

Думаю, нашы кіраўнікі разумеюць гэтую тэндэнцыю. Але што яны будуць рабіць, гэта іншая рэч. На мой погляд, трэба рабіць радыкальны паварот”.

Залескі: “Нашы кіраўнікі ня будуць нічога мяняць, а выкарыстаюць тыя мэтады, як і ўсе гэтыя гады. Яны будуць заціскаць гайкі, пакуль ня лопне разьба”.

Карбалевіч: “Такім чынам, павышэньне цэнаў на газ пакуль што мае больш псыхалягічныя наступствы, чым эканамічныя. Прычым як для насельніцтва, так і для эліты. І пакуль не зразумела, ці прывядзе гэта да ўсьведамленьня ўладамі й грамадзтвам неабходнасьці сур’ёзных зьменаў эканамічнай палітыкі”.
XS
SM
MD
LG