Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Сымон Рак-Міхайлоўскі 14.4.1885, в. Максімаўка (цяпер Маладэчанскі раён) — 27.11.1938, Менск


Уладзімер Арлоў, Менск Некалі ў дзяцінстве, гартаючы кнігі й часопісы маёй мамы, выкладчыцы гісторыі, я сустрэў сьмешнае прозьвішча — Рак-Міхайлоўскі. Больш ад таго, першага знаёмства нічога не запамяталася.

Другое адбылося ўжо ў студэнцкія гады. Робячыся беларусам ня толькі па пашпарце, я з апантанасьцю нэафіта пачаў скупляць беларускія кнігі і ў 1973-м, вярнуўшыся зь сібірскага будатраду зь не пустым гаманцом, набыў дзевяць выдадзеных на той час вішнёвых тамоў Беларускай Савецкай Энцыкляпэдыі. З аднаго зь іх і ўведаў, што Сымон Рак-Міхайлоўскі, аказваецца, быў “членам контаррэвалюцыйнай Рады БНР і яе вайсковай камісіі”. Пра далейшыя вяхі жыцьця гэтай падазронай асобы гаварылася спасьцярожліва і без ацэнак: настаўнік Віленскай беларускай гімназіі, стваральнік і дырэктар Барунскай настаўніцкай сэмінарыі, адзін з кіраўнікоў Таварыства беларускай школы... Што гэта былі за вучэльні, і што за таварыства, я ня меў аніякага ўяўленьня, бо ў нас на гістфаку БДУ такія рэчы не праходзілі, у лепшым разе мімаходзь згадвалі. Потым энцыкляпэдычны артыкул рабіўся больш прыхільным да свайго героя — яўна з тае прычыны, што Сымон пасьля памылак і хістаньняў маладосьці стаў на правільныя рэйкі: быў абраны намесьнікам старшыні Беларускай сялянска-работніцкай грамады і ўступіў у Кампартыю Заходняй Беларусі, за што, як трэба было меркаваць, і атрымаў ад польскіх уладаў 12 гадоў турмы.

Аднак, як вынікала зь вішнёвага тому, усё выглядала ня так ужо й трагічна, бо ў 1931-м змагар з эксплюататарамі пераехаў па абмене палітвязьнямі у БССР, дзе працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музэю і нават быў членам ЦВК рэспублікі. Праўда, на гэтым (пасьля хуценькага паведамленьня, што Сымон Рак-Міхайлоўскі складаў вершы, пісаў падручнікі і лічыцца аўтарам музыкі да Багдановічавай “Зоркі Вэнэры”) артыкул неяк раптоўна абрываўся. Я паглядзеў на дату сьмерці: толькі год — 1937-мы.

Днямі я разгарнуў выдадзены праз тры дзесяцігодзьдзі адпаведны том сучаснай Беларускай Энцыкляпэдыі і пераканаўся, што за гэты час мы прайшлі велізарны шлях. Тут ужо згадваюцца і старанна замоўчаны энцыкляпэдыяй-папярэдніцай Першы Ўсебеларускі зьезд, дэлегатам якога быў Рак-Міхайлоўскі; і арышт “органамі АДПУ”, і асуджэньне па справе “Беларускага нацыянальнага цэнтру” на 10 гадоў лягераў, і дакладная дата расстрэлу у Менску з рэабілітацыяй у сярэдзіне 1950-х.

Можна было б цешыцца, што гістарычная праўда вяртаецца. Можна было б, каб не адна акалічнасьць: тое, за што змагаўся Рак-Міхайлоўскі на пачатку мінулага стагодзьдзя, не нашмат менш актуальнае і ў сёньняшняй Беларусі. Возьмем, да прыкладу, Таварыства беларускай школы...
XS
SM
MD
LG