Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У што вераць беларускія "вепрукі"?


Ігар Карней, Менск У год Сьвіньні нарадзіліся многія вядомыя беларусы. Наколькі сур’ёзна яны ўспрымаюць каляндарныя “забабоны”? Ці сувымяраюць сваё жыцьцё з усходнімі прагнозамі?

Для літаратуразнаўцы Пятра Васючэнкі вобраз Сьвіньні ці Вепрука (такая клясыфікацыя больш даспадобы самому пісьменьніку) невыпадковы. Вяпрук – герой многіх казак спадара Васючэнкі й мае цалкам рэальны беларускі падтэкст. Супадзеньне “сьвінячай” тэмы і нараджэньня ў год Сьвіньні Пятро Васючэнка камэнтуе наступным чынам.

Васючэнка: “Вядома, што гэта не зусім наша традыцыя. Але істоты, якія сустракаюцца ў гэтым пантэоне, многія маюць і беларускае аблічча. Даволі цікава суаднесьці іх абліччы, усходнія абліччы з беларускімі. Гэта, прынамсі, павучальна. Што да беларускага аблічча сьвіньні ў дачыненьні да сябе, бо я таксама нарадзіўся ў год Вепрука (не скажу сьвіньня, паколькі вяпрук тут ужыць больш да месца). І на ўсходзе, і ў Беларусі вяпрук – сымбаль працавітасьці й цярплівасьці. Можа быць, нейкага фатуму. У нашай літаратуры гэты вобраз фігуруе ў фальклёры, у літаратуры. Сам я ў сваіх казках ужываў гэты вобраз, але клясычны ўзор вобразу вепрука, гэта, вядома, “Смаленьне вепрука” – навэла Міхася Стральцова. Дзе вяпрук выглядае адвечнай ахвярай, тым, каго прыносяць у ахвяру”.

Для народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва вобраз сьвіньні наўпрост асацыюецца з домам, з роднымі мясьцінамі. Хоць на карцінах мастака, дзеля справядлівасьці, у якасьці звыклай жывёліны ўсё ж фігуруе сабака.

Шчамялёў: “Мне цікава ўсюды. Я колісь праехаў па ўсёй Эўропе, глядзеў: Чэхаславаччына, Вугоршчына, Аўстрыя, Югаславія, Грэцыя. Прыгожа, усюды прыгожа. Але калі вяртаесься, у Польшу ўяжджаеш, то ўжо адчуваеш дух, блізкі табе. І чым бліжэй набліжаесься, тым лепш усё адчуваеш. Дом – гэта найвялікшая справа. Месца, дзе ты прызвычаіўся, дзе ты да ўсяго інакш ставішся. А пагатоў, калі ты мастак…”.

Сярод беларускіх “вепрукоў” шмат вядомых асобаў. Гэта паэт Рыгор Барадулін, Патрыяршы Экзарх Менскі і Слуцкі Філярэт, палітыкі Аляксандар Мілінкевіч, Віктар Івашкевіч, Аляксандар Сасноў, Анатоль Красуцкі, міністар інфармацыі Ўладзімер Русакевіч, доктар эканамічных навук Генадзь Лыч, экс-кіраўніца Згуртаваньня Беларусаў Сьвету “Бацькаўшчына” Ганна Сурмач. Кожны па-рознаму ўспрымае свой статус. Так, бард Віктар Шалкевіч да каляндарнай “сьвінскасьці” ставіцца спакойна.

Шалкевіч: “1959 год, так. Ну, хіба калі сьвіньня дык сьвіньня. Але, ведаеш, гэта нейкая традыцыйна эўрапэйская дурнота. Усё жыцьцё мы шукалі нейкай жывой вады на Ўсходзе, хадзілі туды. Думалі, што ў нас нічога няма, а ў іх ёсьць усё. Але, аказваецца, у нас таксама ўсё ёсьць. Так што, трэба больш у сябе верыць. Памятаеце, калі Васісуалій Лаханкін гаварыў дванаццацістопным ямбам, “хотя стихов не любил и не читал”. Тое ж самае і гэта. Проста кожны верыць у самога сябе, імкнецца рэалізаваць свой патэнцыял, свае сілы, свой розум, свае здольнасьці. І гэта нармалёва. Хоць, як мне падаецца, крыху раней акрэсьлілі гэтую эпоху, здаецца, з 2000 па 2010 гаду, як эпоху Водніка. А я Воднік. Таму ў гэтым сэнсе мне прасьцей”.

Адна з кіраўніцаў Партыі камуністаў Беларусі Алена Скрыган ва ўсходняй экспансіі бачыць паратунак для тых, хто шмат ў чым расчараваўся. Паводле спадарыні Скрыган, чытаньне прагнозаў адрывае ад рэальнасьці.

Скрыган: “Заўсёды цікава паглядзець – збываецца ці не збываецца. Але ж хто зрэдку чытае гэтыя прагнозы, то бачыць: яны напісаныя так, што на ўсе выпадкі жыцьця, як кажуць. І на мужчын, і на жанчын, і на старога, і на малога. Людзей гэта цікавіць, таму што вельмі многа такіх фактаў, якія засмучаюць. Людзі шукаюць нейкую аддушыну, можна сказаць, што забыцца дазваляе. Многія ў гэта вераць, але, мне здаецца, толькі таму, што ўсё ня вельмі добра ў жыцьці”.

Cярод усясьветных знакамітасьцяў, якія лічылі ці лічаць год Сьвіньні “сваім” – тэнісіст Андрэ Агасі, акторы Брыджыт Бардо, Сафы Ларэн, Шэран Стоўн, Сільвэстар Сталонэ, сьпевакі Элвіс Прэсьлі і Дэвід Боўі, бадай, самы знакаміты брытанскі палітык сэр Уінстан Чэрчыль.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG