Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Віцебску арыштавалі 5500 улётак "Свабоду выбару!"


Радыё Свабода, Віцебск Кіроўцу Ігара Цішкіна, які перавозіў друкаваную прадукцыю на ўласнай аўтамашыне, будуць судзіць паводле артыкулу адміністрацыйнага кодэксу за "парушэньне заканадаўства аб выбарах, рэфэрэндуме, адкліканьні дэпутата". Пакараньне паводле гэтага артыкулу прадугледжвае штраф да 10 базавых велічыняў або папраўчыя працы з утрыманьнем часткі заробку.

Улёткі міліцыя канфіскавала. Як патлумачылі ў Кастрычніцкім райаддзеле, яны будуць перададзеныя на экспэртызу паводле зьместу – ці няма ў іх закліку да зьвяржэньня дзяржаўнага ладу або якіх парушэньняў Закону аб выбарах.

Што да зьместу, то ва ўлётках "Свабоду выбару!" былі апісаныя прычыны, зь якіх гарадзкая і абласная выбарчыя камісіі не зарэгістравалі кандыдатамі на выбары шэраг віцебскіх дэмакратычных актывістаў: Тацяну Севярынец, маці вядомага моладзевага палітыка, Хрыстафора Жаляпава, кіраўніка абласнога штабу Аляксандра Мілінкевіча ў часе мінулых прэзыдэнцкіх выбараў, мясцовага лідэра сацыял-дэмакратаў "Народнае Грамады" Аляксея Гаўруцікава, рэдактара газэты прадпрымальнікаў "Мы і рынок" Сяргея Парсюкевіча і сусьветна вядомага спартоўца Ігара Каныгіна. Улёткі прызначаліся для распаўсюду ў тых выбарчых акругах Віцебску, дзе мелі намер балятавацца гэтыя асобы.

Затрыманага Ігара Цішкіна адпусьцілі, загадаўшы чакаць позвы ў суд. Па дарозе з пастарунку міліцыя затрымала тых, хто чакаў у пастарунку ягонага вызваленьня: супрацоўнікі ДАІ спынілі машыну Хрыстафора Жаляпава, у якой ехалі Сяргей Парсюкевіч, Аляксей Гаўруцікаў, сябра партыі БНФ Кастусь Перагуд і мясцовая карэспандэнтка "Радыё Свабода". Пратрымаўшы каля паўгадзіны і перапісаўшы асабістыя зьвесткі кіроўцы ды пасажыраў, міліцыянты дазволілі ўсім разьехацца.
XS
SM
MD
LG