Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа. 4 студзеня


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва

Нехта Kalicz аналізуе ў ЖЖ-суполцы by_politics падзею: Беларусь увяла мыта на транзыт расейскай нафты – 45 даляраў за тону. “Гэта ня жарты, калі праўда, а канкрэтная гандлёва-эканамічная вайна. Гамон cаюзу. Заўважу, што празь Беларусь прапампоўваецца на экспарт каля 100 мільёнаў тонаў нафты на год. То бок кошт мыта больш як 4 мільярды даляраў, што болей чым кампэнсуе рост коштаў на газ і ўвядзеньне мыта на нафту. Пра “Белтрансгаз” “Газпрому” можна забыцца. Беларусь папросту расплаціцца грашыма. Кіраўніцтва Расеі дагулялася”.

Удзельнікаў форумаў парталуTUT.by сёньня хвалюе паліўнае пытаньне – у зьвязку з выказваньнямі Аляксандра Лукашэнкі наконт таго, што цяпер на кожнай запраўцы краіны павінен быць ня толькі бэнзін, але й ракетнае паліва. “А нашто мне ракетнае паліва?! – камэнтуюць удзельнікі. – Я лятаю на ракеце?!” “Хто асабіста будзе наракаць на сябе, калі з бэнзінам узьнікнуць праблемы? А яны, мяркуючы па ўсім, узьнікнуць, калі бос сам вырашыў узяцца за справу… І нашто яму ракетнае паліва? Гептылам трактар не заправіш…” “Узяць бы ракету (сыстэмы “БелКА-5”, дый палівам яе ракетным заправіць беларускай вытворчасьці, дый пасадзіць у гэтую ракету прамяністага нашага гагарына дый адправіць яго ў госьці да кубінскіх сяброў… ці не, лепей да паўночнакарэйскіх”. “Не прэзыдэнцкая гэта справа – справаздачы з заправак вывучаць, яйкі пад квахтухамі лічыць, цёлак правяраць на цяжарнасьць і колькасьць мётлаў, выдадзеных дворнікам, зацьвярджаць”.

У ЖЖ-суполцы lulu_gov_by вядомы аматар палітычных каляжаў L_u_f_t піша: “Указ прэзыдэнта ў жыцьцё! Пытайцеся ракетнае паліва на запраўках вашага гораду!.. Усё ж такі добры ў нас прэзыдэнт! А за ракетнае паліва яму асобнае дзякуй ад усіх нас! Цяпер можна спаць спакойна!” І дадае да запісу каляж: Аляксандар Лукашэнка й Сяргей Сідорскі стаяць у форме маракоў і назіраюць за працэсам запраўкі нейкага транспартнага сродку. Подпіс пад каляжам: “Кожнай вашывай запраўцы ракетнае паліва ў тэрмін!”

Удзельніца пад нікам Belchel на форумах сайту “Трэці шлях” спрабуе падвесьці вынікі 2006 году: “Нехта называе гэты год вялікім, нехта правальным, нехта яшчэ неяк, а вось я неяк губляюся… здаецца так, прарыў быў… практычна тыдзень у самым цэнтры краіны хлусьні й падману існавала выспачка свабоды… потым Дзень волі, Чарнобыльскі шлях, шматлікія флэшмобы і акцыі, і бляск, бляск тысячаў і тысячаў вачэй… я б сказала, што гэты год быў годам усіх тых, хто сапраўды верыў і верыць… але на вялікі жаль я не магу назваць гэты год годам перамогі ці нечым такога кшталту… да перамогі яшчэ вельмі далёка… але мы павінны верыць, што ён надыдзе… я веру, што калісьці змагу на гэтым форуме напісаць – гэта год Перамогі! Год Свабоды! І я спадзяюся, што напішу гэта неўзабаве…”

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі была Юлія Шарова. Да сустрэчы ў оф-лайне.
XS
SM
MD
LG