Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля газавага канфлікту паміж Беларусьсю і Расеяй пачаўся нафтавы


Радыё Свабода Сёньня дзяржаўны канцэрн “Белнафтахім” афіцыйна паведаміў расейскай кампаніі “Транснефть” пра ўвядзеньне з 1 студзеня 2007 года новага мыта на транзыт нафты па беларускіх трубаправодах, што значна пагаршае ўмовы транспарціроўкі расейскай сыравіны на Захад. Расейскі бок назваў такое рашэньне незаконным.

Прэсавы сакратар канцэрну “Белнафтахім” Віктар Азараў паведаміў Свабодзе, што нягледзячы на калядныя канікулы ў Расеі, пра новае мыта было паведамлена кіраўніцтву расейскай кампаніі “Транснефть”. Такім чынам, патрэбныя фармальнасьці выкананыя.

Азараў: “Гэтай тэхналёгіі я не ведаю. Але дакумэнты перададзеныя”.

Нейкай рэакцыі з расейскага боку ў беларускім канцэрне пакуль не маюць. У “Транснефті” да 9 студзеня доўжацца канікулы, паведаміла дыспэтчарка кампаніі:

Дыспэтчарка: “Сёньня “Транснефть” не працуе, я не ведаю… Напэўна, будуць працаваць пасьля восьмага”.

Тым ня менш расейскае інфармацыйнае агенцтва “Росбалт” паведаміла, што ў кампаніі “Транснефть” ужо заявілі пра незаконнасьць рашэньня беларускага ўраду. З 1 студзеня “Транснефть”, якая зьяўляецца манапалістам у транспартаваньні расейскай нафты на Захад, будзе вымушаная плаціць па 45 даляраў за транзыт адной тоны сыравіны.

Пастанова беларускага ўраду на гэты конт была падпісаная 31 сьнежня летась, але апублікаваная толькі 3 студзеня. Згодна зь ёй, разьлік і ўплата мыта ажыцьцяўляюцца да моманту ажыцьцяўленьня транзыту нафты, зыходзячы з плянаў транзыцёра. Але з новага году частка нафты ўжо перапампаваная празь беларускую тэрыторыю. Якім чынам будзе ўрэгуляванае гэтае пытаньне, прэсавы сакратар “Белнафтахіму” Віктар Азараў не ведае.

Нягледзячы на спыненьне паставак расейскай нафты на беларускі рынак, спадар Азараў заспакойвае беларускіх спажыўцоў:

Азараў: “Усё будзе нармальна. Канцэрн прадпрымае ўсе захады, заводы працуюць нармальна, на запраўках паліва ёсьць і будзе”.

Спадар Азараў паведаміў, што ў канцэрне падлічылі, колькі павінен атрымаць бюджэт Беларусі ад новага мыта, але назваць гэтыя лічбы Віктар Азараў адмовіўся. Паводле Мінстата Беларусі, за 11 месяцаў мінулага году празь Беларусь транспартавалася 90,5 мільёна тонаў расейскай нафты. Гэта меней, чым у папярэднія гады, але і такія аб’ёмы транзыту патэнцыйна даюць бюджэту даход каля 4 мільярдаў. Такой платы за транзыт няма нідзе ў сьвеце, перакананы незалежны эканаміст Леанід Злотнікаў:

Злотнікаў: “Ну не 4,5 мільярда ў год, а 3–3,5 мільярда – гэта неверагодныя лічбы, каб столькі за транзыт атрымаць. Гэтага ня будзе, я думаю, гэта проста такі рашучы крок, каб пачаць перамовы хутка”.

Спадар Злотнікаў мае на ўвазе, што беларускі бок такім чынам настойвае на перамовах аб скасаваньні экспартнага мыта на расейскую нафту, што пастаўляецца ў Беларусь, уведзенага з 1 студзеня ў памеры 180 даляраў за тону. Гэты крок расейскага ўраду прымусіў канцэрн “Белнафтахім” адмовіцца ад закупкі расейскай нафты з 1 студзеня і выклікаў рэзка нэгатыўную рэакцыю А. Лукашэнкі:

Лукашэнка: “Калі гэтага няма, то маем права гэтак жа дзейнічаць. Я маю на ўвазе ўзьняць пытаньне аб транзыце нафты праз Беларусь, пра аплату гэтага транзыту, пра аплату за зямлю, якая выкарыстоўваецца пад нафтавымі і газавымі трубамі, і ўзьняць пытаньне аб уласнасьці Расейскай фэдэрацыі тут”.

Тым часам прэсавы сакратар кіраўніка ўраду Беларусі Аляксандар Цімашэнка выказаў спадзеў, што пасьля 8 студзеня адновяцца перамовы паміж урадамі Беларусі і Расеі аб падзеле экспартных мытаў, з-за якіх пачаўся канфлікт у нафтавай галіне.

Паводле пастановы беларускага ўраду, мыта на транзыт расейскай нафты ўведзенае “з мэтай забесьпячэньня эканамічных інтарэсаў Беларусі з улікам пагаршэньня эканамічнага стану нафтаперапрацоўчай галіны краіны”, а таксама ў сувязі зь невыкананьнем урадам Расеі пагадненьняў аб вольным гандлі і аб мытным саюзе паміж дзьвюма краінамі.
XS
SM
MD
LG