Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Financial Times: Лукашэнка загнаны ў кут


Ганна Соўсь, Прага Сытуацыю вакол беларуска-расейскіх дачыненьняў у пытаньнях газу і нафты сёньня актыўна камэнтуюць сусьветныя мэдыі.

"The Washington Post" у рэдакцыйным камэнтары адзначае, што Масква пазбаўляе “апошняга дыктатара Эўропы” энэргетычных субсыдый. Паводле выданьня, у расейска-беларускім газавым і нафтавым канфлікце ўрады заходніх краінаў у першую чаргу мусіць хваляваць палітычны складнік. Беларускага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнку называюць апошнім дыктатарам у Эўропе. Але куды менш вядомы другі факт: ён упарта аказвае супраціў спробам Расеі далучыць Беларусь.

Магчыма, расчараваньне спадара Лукашэнкі ў расейскіх партнэрах прымусіць яго паспрабаваць палепшыць стасункі з Захадам, прагназуе "The Washington Post”. Аднак, як нядаўна даў зразумець Эўразьвяз, для гэтага спатрэбіцца дэмакратызацыя ў Беларусі, на што аўтарытарны кіраўнік, як выглядае, не гатовы ісьці. Тым ня менш, імкненьне Лукашэнкі адстаяць самастойнасьць і сувэрэнітэт краіны можа адкрыць Беларусі шлях да рэформаў. Каб існаваць у цэнтры Эўропы незалежна ад Расеі, Беларусі непазьбежна давядзецца пайсьці на куды больш маштабныя перамены, чым простая згода плаціць за газ па рынкавых цэнах.

Брытанская “Financial Times” аналізуе ўчорашнія заявы Аляксандра Лукашэнкі наконт аплаты транзыту расейскай нафты праз беларускую тэрыторыю. Паводле выданьня, раздражнёны адказ Лукашэнкі можна патлумачыць незадаволенасьцю загнанага ў кут лідэра. “Financial Times” цытуе Крыстафэра Уіфэра, галоўнага стратэга “Альфа-банку”, які кажа, што “Лукашэнка знаходзіцца ў вельмі невыгодным становішчы як эканамічна, так і палітычна. Ён ужо ізаляваны ад Эўропы, і Расея – гэта адзіная надзея”. Брытанскае выданьне адзначае, што новы кантракт з “Газпромам” і пагроза Расеі ў поўным памеры браць мыта з экспарту нафты ў Беларусь прывядзе да ліквідацыі большай часткі субсыдый, што складаюць 4 мільярды даляраў, якія Лукашэнка атрымоўваў у апошнія гады і якія дазвалялі яму захаваць папулярнасьць. Крыстафэр Уіфэр лічыць, што для расейскай эканомікі ня будзе ўдарам патрабаваньне плаціць Беларусі за транзыт. Аднак рашэньне Расеі ўвесьці экспартнае мыта на неачышчаную нафту пазбавіць беларускі бюджэт сумы 1,7 мільярдаў даляраў. Брытанскі тыднёвік “The Economist” піша, што Беларусь дамаглася ад Расеі больш спрыяльных, чым чакалася, умоваў цэнаўтварэньня на газ у 2007 годзе, што сьведчыць пра тое, што Масква вырашыла зьнізіць рызыку скіданьня рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Аднак калі наступны прэзыдэнт Расеі ня зьменіць курс, дні таннага расейскага газу для былога СССР сканчваюцца. Газавае пагадненьне прадугледжвае пяцігадовы пераход Беларусі да тых цэнаў, якія плацяць эўрапейскія кліенты “Газпрому”. Паколькі ў будучым годзе верагоднае новае істотнае падвышэньне, то ў Лукашэнкі ёсьць усяго год для зьмены сваёй эканамічнай палітыкі з тым, каб прадухіліць патэнцыйную катастрофу ў 2008 годзе.

“The Economist” адзначае, што саступкі Беларусі дорага каштуюць “Газпрому”. Беларусь спажывае амаль столькі ж расейскага газу, колькі Азэрбайджан, Армэнія, Грузія, Малдова, Літва, Латвія і Эстонія разам. А амэрыканская газэта "The New York Times" у рэдакцыйным камэнтары піша, што “прыйшла чарга Беларусі” пасьля таго, як Расея накінула газавую ўдаўку на шыю Украіны. Гісторыя з заключэньнем газавых пагадненьняў – гэта яшчэ адно папярэджаньне аб тым, што на шляху да аднаўленьня дзяржаўнага кантролю над расейскім энэргетычным сэктарам Крэмль нічога ня спыніць – ані нечая ляяльнасьць, ані закон, ані сьвятасьць кантрактаў. Што тычыцца Захаду – аднаго з галоўных імпарцёраў расейскіх энэрганосьбітаў, то ён атрымаў чарговы напамін аб уласнай залежнасьці ад настрояў прэзыдэнта Уладзімера Пуціна, піша "The New York Times".
XS
SM
MD
LG