Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэры апазыцыі пакуль ня вызначыліся, ці ўдзельнічаць далей у выбарах


Альгерд Невяроўскі, Менск Пераважная большасьць сяброў Рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў не прынялі рашэньня пра няўдзел кандыдатаў ад сваіх партыяў у выбарах у мясцовыя саветы. Яны лічаць мэтазгодным выкарыстаць усе легальныя магчымасьці, каб давесьці да выбарцаў праўду пра сытуацыю ў Беларусі. Няма сярод апазыцыі і адзінай думкі, што да мэтаў і задачаў будучага Кангрэсу дэмакратычных сілаў.

Сёньня лідэры партыяў, што ўваходзяць у Раду аб’яднаных дэмакратычных сілаў, правялі прэсавую канфэрэнцыю. Не выключалася, што ў часе яе абвесьцяць пра спыненьне ўдзелу дэмакратычных кандыдатаў у выбарах. Але гэтага не адбылося. Вось што на гэтую тэму сказаў кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

Лябедзька: “Шмат хто задаваў пытаньне: калі мы будзем байкатаваць выбарчую кампанію? Толькі тады, калі кандыдаты ў дэпутаты выкарыстаюць 4 хвіліны выступу на беларускім радыё. Калі мы зможам надрукаваць улёткі, і гэтыя ўлёткі трапяць у кожную скрынку. І калі мы зможам выкарыстаць хаця б адну, дзьве, тры легальныя сустрэчы з выбарцамі”.

Прадстаўнікі іншых партыяў кааліцыі і БСДП “Грамада” прыводзілі прыкладна такія самыя аргумэнты за ўдзел у выбарчай кампаніі. Нават некаторыя кандыдаты ад Партыі камуністаў працягваюць удзел у кампаніі, і партыйнае кіраўніцтва ставіцца да гэтага з разуменьнем. Хаця ўсе партыйныя лідэры адзначаюць надзвычай недэмакратычны характар кампаніі.

Кааліцыя рыхтуецца і да Кангрэсу дэмсілаў, які плянуецца правесьці ў Менску — недзе паміж 18 лютага і 11 сакавіка. Але адносна мэтаў і задачаў згоды няма. Некаторыя, як напрыклад, Станіслаў Шушкевіч, лічаць, што кангрэс павінен пацьвердзіць лідэрскія паўнамоцтвы Аляксандра Мілінкевіча. Іншыя ж кажуць, што абіраць лідэра апазыцыі ня трэба і што варта прыняць і прапанаваць народу альтэрнатыўную стратэгію каштоўнасных зьменаў у Беларусі.

Прадстаўнік Аляксандра Казуліна Ігар Рынкевіч агучыў прапанову вязьня пра стварэньне ўраду народнага даверу. А лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка лічыць, што з 1 студзеня ўсе праблемы, акрамя энэргетычнай бясьпекі, адыходзяць на другі плян:

Вячорка: “На фоне той сапраўды рэальнай праблемы, праблемы трагічнай, праблемы лёсу нашай краіны, праблемы нашай энэргетычнай, а значыць і палітычнай незалежнасьці, усё астатняе маргінальна. Усе нашыя дагэтуляшнія пляны блякнуць перад тым выклікам, перад якім знаходзіцца нашая краіна. І мы як дэмакратычныя сілы абавязаны даць адказ на гэты выклік. Бо той, хто дасьць на яго адказ, і будзе мець маральнае права карыстацца народным даверам”.

Прадстаўнікі Рады дэмсілаў вырашылі правесьці кансультацыі на тэму энэргетычнай бясьпекі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG