Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да нафтагазавых праблемаў дадаліся цукровыя


Ігар Карней, Менск На тле нафтавых і газавых непаразуменьняў з Расеяй нявырашанай застаецца пэрспэктыва супрацоўніцтва ў цукровай галіне. Штодня павялічваецца колькасьць эшалёнаў зь беларускім цукрам, якія на рашэньне расейскага боку “дэпартуюць” з тэрыторыі Расеі.

Фармальнае тлумачэньне — няздольнасьць прапусьціць праз склады дагляду такую колькасьць беларускага тавару. Пры гэтым яшчэ адной прычынай называецца спроба Беларусі пад выглядам бураковага цукру вывезьці ў Расею трысьняговы, выраблены зь імпартаванай сыравіны. У гэтым выпадку мыта мусіць быць значна большае. Як скардзяцца прадстаўнікі канцэрну “Белдзяржхарчпрам”, у гэтым зьвязку расейская мытня даглядае ня толькі асобныя партыі, а даслоўна кожны мех.

Між тым, беларускія ўлады заяўляюць пра неплянаваныя страты ад захадаў расейскага боку. Адна толькі Беларуская чыгунка, паводле зьвестак на 1 студзеня 2007 году, панесла страты на 600 тысяч даляраў. У Воршу вярнулі каля шасьці дзясяткаў вагонаў з цукрам. Разам з тым, да адпраўкі ў Расею падрыхтаваныя яшчэ 450 вагонаў, якія стаяць у Воршы, у Магілёве і Жабінцы.

Выдаткі вытворцаў яшчэ большыя: паводле прыблізнай ацэнкі, з-за несвоечасовага мытнага афармленьня беларускія перапрацоўчыя заводы недаатрымалі 2 мільёны даляраў.

Беларускі бок усё яшчэ спадзяецца разьвязаць канфлікт, аднак цягам тыдня зрабіць гэта наўрад ці рэальна: пасьля працяглых калядных вакацыяў на працу расейскія чыноўнікі выходзяць толькі 9 студзеня.
XS
SM
MD
LG