Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу супраць брата Вячаслава Сіўчыка перадаюць у суд


Любоў Лунёва, Менск Канстанціна Лукашова абвінавачваюць у супраціве міліцыянтам. Ад 19 сьнежня яго трымаюць у сьледчым ізалятары. Падставай для крымінальнай справы стаў інцыдэнт 29 сакавіка, калі Канстанцін на ўласнай машыне адвозіў свайго брата Вячаслава Сіўчыка са шпіталю дадому. Паводле міліцыянтаў, Канстанцін супраціўляўся, калі тыя спрабавалі яго спыніць.

Сваякі Канстанціна Лукашова лічаць арышт незаконным. Маці, Галіна Сіўчык, сьцьвярджае, што ніякіх падставаў для арышту не было.

Г.Сіўчык: “Па-першае, ён не хаваўся. Усе гэтыя дзевяць месяцаў, што вялася справа, ён быў на сталай працы ў Акадэміі навук. Па-другое, мы не атрымалі ніводнай позвы. Адразу 27-га яго абвясьцілі ў вышук. Абвінавачаньне яму прад’явілі толькі на шаснаццатыя суткі. Яго трымаюць на Валадарцы таксама незаконна. Лісты ён піша штодня. Ён вельмі хвалюецца за маё здароўе й за здароўе сваёй сястры, якая інвалід зь дзяцінства. Заўсёды ён вучыўся ў адной клясе зь ёй. Але ж ён трымаецца мужна й нас падтрымлівае”.

Вячаслаў Сіўчык нагадвае, што інцыдэнт зьвязаны з сакавіцкімі падзеямі на Кастрычніцкай плошчы. Калі пасьля арышту ў турме на вуліцы Акрэсьціна Вячаславу стала кепска, то яго адвезьлі ў 3-ці шпіталь. 29 сакавіка па яго ў шпіталь прыехаў Канстанцін. Гаворыць Вячаслаў Сіўчык:

В.Сіўчык: “29 сакавіка, калі я выходзіў са шпіталю, ніякіх падставаў у людзей у цывільным — якія зьнешне нагадвалі бандытаў, але ніяк не супрацоўнікаў міліцыі й адмаўляліся прадставіцца — затрымліваць мяне не было. Таго, што цяпер даецца наконт адміністрацыйных нейкіх пакараньняў, то гэтага на той момант не існавала. На вялікі жаль, пакараныя ня тыя людзі, якія зьдзяйсьнялі злачынства падчас падзеяў на плошчы Каліноўскага, а пасадзілі майго брата — што абсалютна незаконна. І што для нашай краіны ўжо не навіна”.

Канстанціна Лукашова затрымалі 19 сьнежня на працы. Сьледчы пракуратуры Ленінскага раёну Менску Павал Папкоў паведаміў “Свабодзе”, што арышт Канстанціна быў санкцыянаваны таму, што ён не зьяўляўся своечасова на допыты. Сьледчы адмовіўся даць камэнтары ў крымінальнай справе, спаслаўшыся на тое, што заўтра, 5 студзеня, справу перададуць у суд. На судзе будуць апытваць сьведкаў інцыдэнту.

Паводле заканадаўства, Канстанціну пагражае арышт ад 3 да 6 месяцаў, пазбаўленьне волі да 6 месяцаў, альбо абмежаваньне волі, так званая “хімія”, да 5 гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG