Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская царква у Антвэрпэне (фотарэпартаж)


Аляксей Дзікавіцкі, Антвэрпэн У бэльгійскім Антвэрпэне ўжо больш за тры гады існуе грэка-каталіцкая беларуская царква, якая створаная супольнымі намаганьнямі беларусаў, што жывуць у Бэльгіі і іншых суседніх краінах. Гэта, бадай, адзіны выпадак у Эўропе сярод беларусаў-эмігрантаў новай хвалі.

Царква Сьвятога Сэрца на антвэрпэнскай вуліцы Lange Beeldekensstraat у незвычайны для беларускай архітэктуры спосаб уціснутая паміж жылых дамоў так што адразу гэты прыгожы будынак цяжка знайсьці.

Аднак кожную нядзелю ад 11 гадзіны ў царкве ўжо чуваць беларускую мову, так што адразу разумееш – гэта правільны адрас. Павал Хівук – беларускі студэнт з францускага Лілю, кожную нядзелю едзе ў Антвэрпэн каб весьці заняткі ў царкоўнай школцы для дзяцей вернікаў-беларусаў.

Хівук: “Кожны занятак пачынаецца з малітвы, потым гісторыя зь Бібліі, потым пытаньні па вывучаным матэрыяле. Вось апошнім часам мы рыхтаваліся да Калядаў, дык увесь час і тэма была – Каляды”.

Дзеці ахвотна дэманструюць свае веды:

Дзяўчынка: “Дзень Калядны слаўны – Хрыста нараджэньне,

Пасланца зь Нябёсаў, сьвету на збаўленьне...” Дзяўчынка: “Устань жа, не спазьніся, прывітаць дзіцятка,



Да жыцьця ачніся беларусе-братка!”

Тым часам да імшы рыхтуецца айцец Ян Майсейчык, без высілкаў якога, як кажуць вернікі, беларускай царквы ў Антвэрпэне не было б. Ідэя стварэньня беларускай парафіі зьявілася ў 2002 годзе, ужо ўлетку наступнага году ў царкве Сьвятога Сэрца адбылося першае набажэнства, хаця на пачатку да беларусаў паставіліся зь недаверам, палічыўшы іх праваслаўнымі, якія ўступілі ў канфлікт з рускай Праваслаўнай царквой, якая таксама ёсьць у Антвэрпэне.

а. Майсейчык: “Калі мы патлумачылі, што наша царква мае іншае паходжаньне, што яна адносіцца да іншага народу, адрознага ад расейскага, тады біскуп зацікавіўся і вось нядаўна наведаў гэтую парафію – і флямандзкую супольнасьць і нашую, але ехаў ён менавіта да нас, так што флямандцы нават зайздросьцілі, што біскуп прыехаў менавіта да беларусаў, а не да іх”.

На імшы прысутнічаюць звычайна ад 20 да 40 беларусаў.

У часе набажэнства вернікі моляцца ня толькі за Беларусь, але і за суседнія народы.

Малітва: “За Богам сьцеражоныя народы украінскі, польскі і расейскі і ўсе народы, лёсы якіх перасекліся зь лёсам народу нашага Госпаду памолімся....”

Для беларусаў-вернікаў, царква мае ня толькі рэлігійнае значэньне - тут нават не ўжываецца слова прыход, але менавіта супольнасьць.

Гаворыць парафіянін Зьміцер Піменаў, які напярэдадні атрымаў званьне архіакаліта:

Піменаў: “На сёньняшні дзень, мы – гэта адзіная сям’я. Мы адчуваем сябе той грамадой, якая дае нам сілы і ўпэўненасьць у заўтрашнім дні”.

Напрыканцы кожнага набажэнства абавязкова гучыць гімн “Магутны Божа”.





















XS
SM
MD
LG