Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Л.Шаўцова: “Канчатковы ўдар па міце пра саюзную дзяржаву”


Уладзімер Глод, Менск Вядомы расейскі палітоляг, вядучая дасьледчыца маскоўскага Цэнтру Карнэгі Лілія Шаўцова камэнтуе сытуацыю, якая можа скласьціся пасьля таго, як беларускі бок увёў мыта на транзыт расейскай нафты.

Шаўцова: “Апошнімі днямі нанесены канчатковы ўдар па адным з асноўных мітаў 1990-х гадоў — міце пра магчымасьць стварэньня саюзнай дзяржавы Расеі й Беларусі. А гэты міт выкарыстоўвалі надзвычай актыўна як расейская, так і беларуская эліта. І, уласна кажучы, гэты міт фармаваў і абгрунтоўваў усю палітыку Лукашэнкі.

Другое, уся гэтая гісторыя паказвае, што паміж дзяржавамі, у якіх існуюць аналягічныя, у існасьці аўтарытарныя рэжымы, ня можа быць ціхамірных стасункаў. Ці раней, ці пазьней, але й тут паўстаюць вельмі сур’ёзныя праблемы, нават сур’ёзныя канфлікты. А мы цяпер назіраем сапраўдны канфлікт.

Трэцяе, мы назіраем міждзяржаўны канфлікт з эканамічнымі ды палітычнымі наступствамі. Тут Расея праяўляе свае імпэрскія памкненьні, нават у выглядзе рынкавых дачыненьняў. А Беларусь можа мець вельмі сур’ёзныя эканамічныя наступствы.

І ўрэшце мы бачым, як канфлікты й супярэчнасьці ў эканамічных дачыненьнях непазьбежна набываюць міждзяржаўную форму. Але ж гэта ненатуральна. Так ня можа быць пры нармальных варунках”.
XS
SM
MD
LG