Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Барыс Родзіч<br><br>9.4.1939, Барысаў — 6.5.1996, Менск. Пахаваны на могілках у п. Калодзішчы пад Менскам.


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Вы заўважалі, што прозьвішчы нярэдка надзіва адпавядаюць іх уладальнікам? Так было і зь ім, Барысам, якога шмат хто з блізкіх знаёмых сапраўды ўспрымаў як чалавека ня толькі блізкага ў перакананьнях, але і роднага па крыві. Усё, што я ведаю пра яго, пераконвае: мне б хацелася мець такога старэйшага брата.

Неяк на пачатку 1990-х на прафсаюзнай справаздачна-выбарчай канфэрэнцыі Менскага аўтазаводу слова папрасіў майстар электратэхнічнага цэху Родзіч. Пасьля традыцыйнай справаздачы нехта ў залі драмаў, нехта шамацеў газэтамі, але ўжо першыя Барысавы словы прымусілі ўсіх прачнуцца й наструніцца. І рэч была ня ў тым, што дэлегаты ўпершыню пачулі з прафсаюзнай трыбуны беларускую мову. Спакойна й доказна Барыс пачаў з таго, што старшыня прафкаму ня мае права займаць пасаду, бо незаконна атрымаў лецішча і кватэру з завышаным мэтражом, без чаргі набыў машыну... “Правакацыя! Бэнээфавец!”,— лямантавалі клеўрэты выкрытага боса.

Барыс Родзіч арганічна ня мог трываць несправядлівасьці й хлусьні. У тыя самыя часы газэта “Праўда” зьмясьціла “стацейку” свайго карэспандэнта ў Беларусі Алега Сьцепаненкі “Мама, возьми гадильник”. Гэтую зьдзеклівую, пачынаючы з назвы, пісаніну, накіраваную супроць вывучэньня беларускай мовы ў пачатковых клясах, дый наагул супроць нашае мовы, хуценька й сэрвільна перадрукавала “Советская Белоруссия”. Напісаны Барысам і ягоным сябрам адказ “Клевета не аргумент” там, натуральна, друкаваць адмовіліся. Але артыкул ужо на наступны дзень апублікавала тагачасная “Народная газета” на чале зь Іосіфам Сярэдзічам.

Барыса хапала, здаецца, на ўсё. Ён засноўваў разам з Міхасём Ткачовым, Алегам Трусавым, Міхасём Чарняўскім Беларускую сацыял-дэмакратычную грамаду. Ствараў на сваім заводзе суполкі ТБМ і Свабодны прафсаюз. Стаў адным з заснавальнікаў мэмарыяльнага фонду “Трасьцянец”... Яшчэ за савецкім часам у яго можна было разжыцца “Расійска-крыўскім слоўнікам” Вацлава Ластоўскага і выдадзеным замежнымі суайчыньнікамі “Кароткім аглядам гісторыі Беларусі”, што разбураў савецкія гістарыяграфічныя міты.

Родзіч вельмі даражыў суседзтвам і знаёмствам з Васілём Быкавым, зь якім быў у адной суполцы БНФ.

На Барысавым 55-годзьдзі ягоны сябар і паплечнік Мікола Лавіцкі прачытаў акраверш “Родзіч”, апошні радок якога гучаў, як тады здалося, занадта трывожна: “Час паляваньня на родзіча”. Але за вакном была вясна 1994-га, і гэты час ужо няўхільна набліжаўся...

Барыс ніколі ня скардзіўся на здароўе і абяцаў, што пражыве да ста гадоў. Аднак пасьля рэфэрэндуму 1995 году, які ён успрыняў як асабістую трагедыю, апанавалі хваробы. Яго паклалі ў шпіталь лекаваць ад язвы, а праз колькі дзён сям’і сказалі: памёр ад сардэчнай недастатковасьці. Міжволі згадваецца, што менавіта такі дыягназ паведамлялі ў сталінскія часы родным расстраляных “ворагаў народу”.

Родзіча хавалі пад бел-чырвона-белым сьцягам і... пад пільным вокам некалькіх незнаёмых нікому людзей. Аўтамабіль зь імі зьехаў толькі тады, калі над магілаю людзі засьпявалі “Магутны Божа” — як быццам сам наш хрысьціянскі гімн адпрэчыў сатанінскую сілу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG